Я ішоў на варшаўскую прэм'еру Купалаўцаў з цяжкім пачуццём у сэрцы і адной толькі думкай: пазнаю ці не? Углядзеўшыся ў родныя твары, ці знайду Манаева, Белахвосцік, Гарбуза? Ці пазнаю? Ці ёсць там яны яшчэ? Ці не засталіся ў Кіеве? Ці не з'ехалі ў Канаду? Справа ў тым, што я не бачыў іх, здавалася, паўвека. Калі не лічыць спарадычных пастановак з анлайн-каналу Купалаўцаў, то апошнім разам я бачыў іх тры гады таму, калі на Малой сцэне давалі "Радзіва Прудок", а бліскучы Іван Трус гуляў сам-адзін усю набокаўскую "Камеру абскуру". Калі ж казаць пра тое, што адбывалася па-за сцэнай, то ў апошні раз я бачыў іх каля Купалаўскага тэатру восенню 2020 году. У той дзень амаль кожны з іх выйшаў да дзвярэй тэатру, каб падтрымаць Паўла Латушку.
І амаль ўсе яны выйшлі на сцэну напрыканцы прошлага тыдня, калі ў Польскім тэатры гулялі новую пастаноўку Міхаіла Пінігіна. Яны выйшлі на драўляны памост, Манаеў прамовіў першыя словы па-польску (і апошнія, далей усё было выключна па-беларуску), і нешта ў сэрцы ні то абарвалося, ні то ўспыхнула. Хутчэй за ўсе, два гэтыя працэсы адбыліся адначасова. Так, я пазнаў іх - нават тых, каго не ведаў раней.
На самой справе, эмоцыі пачалі грукацца да мяне яшчэ звонку, дзе было чуваць беларускую мову, і дзе пры добрай фантазіі можна было ўявіць, што гэта не вуліца Казіміра Карася, а так добра знаёмы кут Аляксандраўскага скверу. Ды і ўнутры, асабліва ў вялікай залі тэатра, можна было адчуць камерны подых Купалаўскага. І сапраўды: нават вялікая зала, дзе адбывалася прэм'ера, не ўражвае сваім памерам і стварае інтымную атмасферу ўлюбёнай залі ў цэнтры Мінска. Тым часам, вакол цябе па-ранейшаму гучаць беларускія словы, і толькі немаладая дама, станістая і стылёвая, прабіраецца да свайго месца са звыклым польскім przepraszam. Дарэчы, я думаю пра яе даволі шмат на працягу спектаклю. Здаецца, яна прышла сюды дзеля вершаў Міцкевіча, і мяне ўвесь час непакоіць пытанне, ці разумее яна беларускую мову.
Бо гулялі вершы Адама Міцкевіча ў беларускім перакладзе. Назва праграмы "Рамантыка", і гэта даволі эфектнае спалучэнне паэзіі ды акторскай гульні. Акторы прамаўляюць радкі, якія ў гэтый жа час гуляюць на сцэне. Вершы не заўсёды звязаныя паміж сабой, але тым не менш яны ствараюць наратыў, які робіцца суцэльным за кошт сваёй шчырасці і праніклівасці інтанацый. Усе гэтыя інтанацыі добра знаёмыя і счытваюцца на нейкім амаль фізіялагічным узроўні. Цікава тое, што на пачатку спектакля меліся невялікія праблемы з гукам, і некаторыя словы не было чуваць зусім - але ж я цалкам разумеў іх. Нават ня ведаючы вершаў Міцкевіча, я адчуваў радкі праз позірк актораў і мінімалістычныя пінігінскія дэкарацыі.
Калі казаць пра дамінуючыя эмоціі, то атмасфера "Рамантыкі" не толькі рамантычная, але і жудасная. Містычная сутнасць паэтычнага таленту Міцкевіча праглядваецца тут паўсюль. Так, лепшай і самай насычанай інсцэніроўкай была трагічная гісторыя пра двух братоў, якія (не ведаючы таго) закахаліся ў дзяўчыну, забіўшую іх брата. Гэта амаль шэкспіраўская гісторыя пра каханне, зайздрасць і здраду, і яна передадзена ў страшэнных дэталях. Калі ў нейкі момант на сцэне з'яўляецца здань з закрытым тварам і ў жалезных даспехах, то гэта нагадвае эпізод з сапраўднага начнога кашмару. Але ж амаль ва ўсім праступае містычная рамантыка Міцкевіча, складаная і шматслойная, якая падаецца як праблемай, так і вырашэннем усіх праблем. Прысутнічае на сцэне і гумар, які з'яўляецца ў жорсткім выглядзе і даволі рэдка, але добра зніжае непрыкметны градус напружанасці, выкліканы блеклай атмасферай і эмігранцкімі ўспамінамі.
Напружанасць дасягае крытычнай кропкі ў заключных словах апошняй часткі, якія б'юць мацней за ўсё. Калі адзін з герояў кажа пра тое, што вера і пачуццё заўсёды пераадольваюць бессардэчную мудрасць, то гэта падаецца сапраўднай кульмінацыяй вечару. За ёю ўжо слёзы (прычым слёзы ўсіх, ад актораў да гледачоў), узнятыя рукі ды такія знаёмыя два словы - якія аб'ядноўваюць усіх нас і дзеля якіх мы, падаецца, і завіталі ў Польскі тэатр. Яркія, гучныя вобразы Міцкевіча застаюцца са мной яшчэ доўгі час - але ж нічога не параўнаць з тымі апошнімі некалькімі хвілінамі, цяжкімі, эмацыйнымі, існуючымі дзякуючы тым самым веры і пачуццю. Тым, якія нельга апрануць у які-небудзь язык, ці то польскі, ці то беларускі. Дарэчы, польская дама, як і мы, стаяла побач з намі і прагна чакала кожнае чарговае з'яўленне купалаўцаў на біс.
І некалькі словаў пра назву. Спачатку яна падавалася мне досыць аднабокай і недастаткова глыбокай. "Рамантыка"? І гэта пры ўсім трагічным і няпростым, што адбываецца на сцэне? Але гэта было спачатку. На шляху дадому я ўжо добра разумеў, што гэтая назва ідэальна пасуе спектаклю. Бо рамантыка бывае рознай. І ў эмігрантаў яна свая, складаная і шматпавярховая. Яна месціць у сабе каханне, містыку, трагедыю і крыху чорнага гумару.