Ulis з'явіўся напрыканцы 80-х гадоў і скаладаўся з часткі музыкаў рок-гурта Бонда. Сярод іх быў гітарыст Вячаслаў Корань, які ў будучым стане адзіным нязменным удзельнікам Ulis. Аўтарам музыкі, а ў хуткім часе - яшчэ і вакалістам. Але ўсё гэта ў будучым, а пакуль трэба вярнуцца ў верасень 1989 года, калі Ulis правеў тры дні ў музычнай студыі города Ольштын з вядомым польскім гукарэжысёрам Рычардам Шмітам. Гурт запісаў адзінаццаць песен, восем з якіх трапілі ў трэк-ліст дэбютнага альбома. Тры астатнія ўвайшлі ў больш познюю версію "Чужаніцы", і менавіта пра яе пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.
Першае, што трэба адзначыць... "Чужаніца" з'яўляецца адным з першых альбомаў у гісторыі беларускай рок-музыкі. Ён мае стыль, глыбіню і асабістае гучанне. Але не толькі гэта. Калі чуеш той першы рыф, які адкрывае "Цягнік на Нясвіж", гэтае незабыўнае чыгуначнае пыхканне кораньскай гітары, то адчуваеш сапраўдны цуд. А потым ужо словы, якія, пачуўшы аднойчы, ніколі ўжо не забудзеш.
У зваротнай дарозе.
Магчыма, гэты цуд мог адбыцца толькі аднойчы, з гэтымі музыкамі, з гэтымі тэкстамі, у адзін тольки момант беларускай гісторыі. Так, астатнія альбомы Ulis будуць складацца з добрых песен, але не будзе ўжо адчування цуду. "Чужаніца" мае год запісу, але не мае часу. У гэтай музыке ёсць нешта змрочнае і халоднае, нешта ад старога нью-уэйва. У той жа час яна не адштурхоўвае, і мелодыі чапляюць, і гітарныя партыі трымаюць у прыемным напружанні. Калі пачатак "Пляца Францыска" не ўвасабляе сабой сапраўдны музычны катарсіс (дарэчы, як і ўся песня), то катарсіса ў беларускай музыке не было ніколі.
Музыку для альбома пісалі Вячаслаў Корань і басіст Сяржук Краўчанка (былыя ўдзельнікі гурта Бонда). Цікава, што менавіта Краўчанка напісаў тры з маіх любімых мелодый "Чужаніцы". Апроч двух вышэйзгаданых, якія адкрываюць альбом, гэта і мацнейшая "Калі імперыя знікне" (словы Фелікса Аксёнцава, які напісаў большасць тэкстаў альбома). Шэсць прыгожых і балючых хвілін, з лірычным зместам настолькі актуальным, што робіцца жахліва. Можна прыгадаць, што ішла другая палова 1989 года, і пелі яны пра іншую імперыю... Але ці сапраўды так?
Альбом цэльны і паслядоўны. У некаторыя моманты ён падаецца звышскаладаным і нават няветлівым ("Гестапа", "Пакуль спяваю"), але панурае гучанне наўрад ці можа схаваць музычную вынаходлівасць ды харызму. Так, у арыгінальным трэк-лісце пасля атмасфернай "Акторкі" ішла загалоўная песня з бадзёрай мелодыяй, якая нагадвае больш цяжкі варыянт брытанскага джангл-попа. Трэба адзначыць, што вакаліст Андрэй Патрэй, які выконвае кожную песню альбома, выдатна перадае як рамантыку, так і надрыў свайго часу.
Альбом сапраўды вяртае мяне ў Беларусь пачатку дзевяностых, калі напрыканцы лета я сядзеў у крыху цьмяным пакоі і слухаў беларускае радыё. Але ж па радыё ніколі не гучаў Ulis. І вось я ўяўляю, што нешта змянілася, нейкая гістарычная парадыгма зламалася, і будучыня пайшла іншым шляхам, і каля старога бабулінага трумо пачуўся гук той самай гітары, што адкрывае "Цягнік на Нясвіж". І альбом паўстае ўже не толькі як прыгожы адбітак мінулага, але і як мая сучаснасць. Тая, што зменіць не толькі мяне, але і ўсю краіну. Трэба толькі прыслухацца.
І напрыканцы некалькі слоў пра мінімалістычную вокладку, якая прывабіла мяне яшчэ да праслухоўвання альбома. Вокладка была створана легендарным беларускім мастаком і паэтам Міхалам Анемпадыставым. Яна стылёвая і бездакорная, як і сам альбом.