Sunday, 11 June 2023

Фільм. "II" (2019) / Улада Сянькова.


У фільме "II" Улады Сяньковай амаль няма мабільных тэлефонаў. А калі яны і з'яўляюцца, то мімаходам, і выконваюць выключна дэкаратыўную функцыю. Ніхто не гуляе пад партай, ніхто не здымае булінг, ніхто не аблягчае час чакання ў школьным калідоры. У нейкі момант мне нават падалося, што я трапіў у дзевяностыя ці пачатак нулявых, у тыя змрочныя часы, якія зафіксавала аднойчы Валерыя Гай Германіка. У тыя часы, калі падлеткі курылі і займаліся сэксам.  

Але ж мабільныя тэлефоны дрэнна ўжываюцца з сэксам (можа, аднойчы нехта зробіць навуковае даследаванне), і таму цалкам зразумела, што падлеткі ў гэтым фільме выглядаюць крыху старамодна. Бо фільм пра сэкс і пра сэксуальнасць.

"II" - гэта сучаснае беларускае ігравое кіно. Калі казаць шчыра, то рэдкая з'ява, якую хочацца ведаць і крыху пераацэньваць. Наста - дзяўчына са стрыжнем, які паўстае ў поўны рост у самай першай сцэне фільма. Дарэчы, выдатнай. Сяброўка робіць тэст на цяжарнасць (на ўроку ангельскай мове, калі ж яшчэ?), і гэта заўважае завуч школы. Сяброўка паспешліва кладзе бумажку ў рот, але завуч просіць выплюнуць і аддаць ёй. Наста адзіная, хто кідае выклік гэтай добра знаёмай кожнаму з нас жанчыне, якая не мае пачуцця гумару, але якая ўвасабляе ўсю праведнасць педагагічнага працэсу. У нейкі момант завуч хоча выгнаць Насту з аўдыторыі, але аднекуль з'яўляецца малады настаўнік ангельскай мове, які вырашае сітуацыю. Сцэна сапраўды выдатная, бо добра задае тон фільму, а таксама стварае няяснае напружанне, сэнс якога мы зразумеем толькі пазней. 

Акрамя сяброўкі (якая шмат размаўляе пра сэкс і праводзіць палову фільма ў пацалунках са сваім хлопцам), у Насты ёсць таксама і лепшы сябар Саша. Саша - гей, над якім здзекуюцца ў школе, з якім Наста ходзіць у кіно, якога яна абараняе ад нападак, і з якім ездзіць на электрычцы да рэпетытара польскай мовы. Жыццё Насты адбываецца ў правінцыйным беларускім горадзе, які не патрабуе ніякай назвы ці асаблівага вылучэння. Ён проста фон, абалонка для жыцця некалькіх беларускіх падлеткаў. 

Інтэр'еры, як і твары, вельмі пазнавальныя. Таксама як і мільён дэталяў, якія цалкам адпавядаюць рэчаіснасці (ці маім успамінам пра яе). Але ж я сапраўды пазнаю гэтых настаўнікаў з іх размовамі пра карысныя лекавыя травы, гэтыя дакорлівыя позіркі ў аптэцы, а таксама дэпрэсіўную плітку ў ваннай. У гісторыі, тым часам, робіцца моцны выбух, які (на час ці назаўсёды) зменіць кожнага персанажа. Гэта цалкам непрадказальны паварот, магчымасць якога можна было прадчуваць толькі праз ледзь чутныя намёкі, якія прыадкрываюць нябачныя трэшчыны ў брані галоўнай гераіні. Дарэчы, менавіта ў гэты момант робіцца цалкам зразумелым сэнс назвы фільма.

Больш за ўсё гэта кіно кранае сваім апошнім актам, які імкнецца вырашыць, ці хаця б растлумачыць, наступствы гэтага выбуху. Сярод апошніх эпізодаў вылучаецца, напрыклад, сцэна размовы маці са сваім сынам, калі яна хоча запытаць, але не можа, а ён можа растлумачыць, але не хоча. Падаецца, што ў гэтай сцэне (напрыканцы якой хочацца смяяцца самым чорным смехам) змяшчаецца ўся квінтэссэнцыя канфлікта не толькі паміж пакаленнямі, але і ўнутры яго. Бо разуменне, гэтая незагойная мэта кожнага чалавека, з'яўляецца толькі ў самым апошнім кадры - змацоўваным кароткім жэстам і гукам цягніка.

Фільм кароткі, і гэта дазваляе яму трымаць у напружанні на працягу ўсіх 60 хвілін. Маладыя акцёры іграюць добра, амаль не перабольшваюць, а ў нейкія моманты нават дасягаюць сцэн прыгожай недагаворанасці. Так, ёсць моманты, калі я пачынаю думаць пра важнасць фільма больш (сучасны беларускі фільм, кіно пра падлеткавую сэксуальнасць у сучаснай Беларусі), чым я думаю пра яго мастацкую вартасць. І так, некаторыя рысы занадта грубыя, а некаторыя сцэны пакутуюць ад абагульненняў, але і праз некалькі дзён фільм застаецца са мной. Бо Улада Сянькова стварае пераканаўчы свет, абстрактны, але цалкам верагодны, і персанажы ў яе жывыя і маюць колер і пах. Нават калі і не ўжываюць мабільных тэлефонаў.