Момант, дарэчы, унікальны. Упершыню ў жыцці я збіраюся купіць вінілавую кружэлку з беларускай музыкай. Мы падыходзім да адной з фестывальных палатак, і я пытаюся пра гурт з назвай SOYUZ. "Так", кажа прадавец. "Ёсць два выданні іх апошняга альбома. 120 злотых за звычайную кружэлку і 130 за празрыстую". Гэта, канешне, сапраўдны поспех, і самае дзіўнае ў гэтым поспеху тое, што мала хто на радзіме ведае пра іх існаванне.
Чаго нельга сказаць пра Польшчу. СОЮЗ не проста запрасілі на вядомы фестываль у Катавіцах. Іх песні сустракаюць так, быццам кожны з прысутных добра ведае сонечныя бразільскія мелодыі апошняга альбома гурта. Што датычыцца саміх музыкаў, то паміж песнямі яны дзякуюць па-польску, размаўляюць з аўдыторыяй па-ангельску, а калі пачынаюць іграць, то расейскай мовы амаль не чуваць. Яна і на альбоме мае выключна фармальны характар, а тут яе заглушаюць барабаны і бас. А яшчэ клавішы вакаліста - які, дарэчы, носіць ярка-чырвоную безрукаўку, якая, напэўна, дасталася яму ад яго бабулі.
СОЮЗ - гэта нешта накшталт "супергурта". Раней кожны з трох музыкаў быў часткай іншага беларускага праекта (Applepicker, Young and Dramatic), але вось ужо некалькі гадоў іх аб'ядноўвае даволі сумнеўная назва СОЮЗ. За гэты час з'явілася тры паўнавартасных альбома, апошні з якіх дайшоў нарэшце і да мяне.
Нягледзячы на лірычны восеньскі ліст на вокладцы, Force of the Wind - гэта летні альбом. Па сутнасці, трыццаць хвілін выкшталцоных, ветраных мелодый у лёгкім фолкавым стылі. Альбом гэты сапраўды існуе па-за межамі краін ды нацыянальнасцяў. Гэта вельмі добрая музыка ў цалкам універсальным сэнсе, і калі вы паставіце яе іншаземцу, амерыканцу ці нават партугальцу, то ён так і скажа: гэта выдатны бразільскі фолк. І ў гэтым няма нічога ганебнага: у гурта ёсць свой стыль, і яны ўмеюць ствараць добрыя мелодыі. Чаго ж яшчэ?
Ёсць, канешне, пытанне мовы, але як я ўжо пісаў вышэй, пытанне гэтае не такое істотнае. Бо вакал тут - хутчэй гукавое ўпрыгожванне. Адну з песень ("Como é que vai você" - якая нагадвае па атмасферы "Sun King" The Beatles) выконвае запрошаны бразільска-амерыканскі вакаліст Sessa. Упэўнены, што калі не ўслухоўвацца, то можна і не заўважыць пераходу з расейскай мовы на партугальскую. Увесь альбом вытрыманы ў адным стылі. Як і другі LP гурта, ёсць тут пэўныя элементы джазу ("Beige Days"), але нават джаз тут хутка растае ў вытанчанай сумесі флейт, клавішаў, акустычных гітар і лёгкай аркестроўкі.
Я ніколі не любіў выкарыстоўваць слова "якасны" ў дачыненні да мастацтва, але ж гучыць альбом сапраўды так - якасна і бездакорна. І за свае дваццаць дзевяць хвілін (што, канешне, крыху набліжае нас да доўгіх EP ці да першых альбомаў The Beach Boys) альбом так і не паспявае надакучыць.
Але вяртаючыся да фестывалю... На самой справе, я хацеў, каб у суботу мы з сябрам выйшлі з гатэля раней. Бо нягледзячы на тое, што да Spiritualized і Slowdive было яшчэ шмат часу, трэба было пабачыць гурт SOYUZ. Яны мусілі пачынаць каля 16:30, і я быў упэўнены, што каля іх сцэны будзе стаяць дзевяць чалавек. Горш за тое, стаяць яны будуць пад дажджом (які так адчайна прагназавалі ўвесь тыдзень). Мне хацелася падтрымаць беларускі гурт, які нечакана трапіў на польскі фестываль у жніўні 2023 года...
Якім было маё здзіўленне, калі нам цяжка было знайсці месца нават перад пачаткам іх выступу. І якім было маё здзіўленне, калі дождж так ніколі і не пачаўся.