Thursday, 21 September 2023

Фільм. "Купала" (2020) / Уладзімір Янкоўскі.


Ёсць, напэўна, мільён розных спосабаў акрэсліць розніцу паміж тэатрам і кіно. Тым не менш, лепшае, што я чуў, гучыць прыкладна так. У тэатры можна выйсці на сцэну і сказаць: "Добры дзень, мы - на Марсе". І гэта ўсё. Гледачы зразумеюць, што яны на чырвонай планеце. У кіно гэта немагчыма, бо калі ты захочаш перанесці гісторыю на Марс, спатрэбіцца пабудаваць яго. Альбо, канешне, сесці ў касмічны карабель і паляцець туды з усімі акцёрамі і здымачнай групай.

Мой галоўны закід да фільма "Купала" звязаны з яго звыштэатральнасцю. Мне дэманструюць вугал старога будынка з прыгожай лепкай і кажуць - Пецярбург. Мне паказваюць інтэр'ер вёскі-музея "Азярцо" каля Менска і кажуць - Вязынка, Вілейскі павет. Мне паказваюць яшчэ адзін інтэр'ер таго самага "Азярца" і кажуць - школа, дзе вучыўся Янка Купала. Нягледзячы на тое, што ўяўленне гледача мусіць працаваць увесь час, штучнасць рэплік і бутафорыя дэкарацый пачынае ў нейкі момант замінаць задавальненню ад прагляду стужкі. Калісьці гэтая тэатральная бутафорыя не замінала, напрыклад, "Дзікаму паляванню караля Стаха" (1979), бо ідэальна спалучалася са змрочнай, гатычнай стылістыкай рамана Караткевіча. Тут, на жаль, гэта выглядае не вельмі сур'ёзна і не дазваляе адчуць ані маштабнасць праекта, ані веліч постаці выбітнага беларускага пісьменніка.

Гісторыя ў фільма складаная. Дастаткова сказаць, што здымаўся ён на "Беларусьфільме" пры ўдзеле такіх людзей, як дызайнер і мастак Уладзімір Цэслер. Сёння такое супрацоўніцтва падаецца жартам, шалёнай фантазіяй, але калісьці (да 2020 года, напрыклад), такое сапраўды адбывалася. Магчыма было ўжываць такія словы, як "рэвалюцыя", "палітвязні", "нацыянальнае адраджэнне", "беларуская мова", "знішчаная дзяржаўнасць" і г.д. І я не кажу ўжо нават пра заклік "Жыве Беларусь!", які стварыў аднойчы той самы Янка Купала. Але так, сёння можна толькі высока ўздымаць бровы і нервова глядзець па баках. Сёння ўжо не здзіўляе той факт, што фільм забаранілі хутка пасля прэм'ернага паказу. Быў 2020 год, і рэчаіснасць змянілася. Свет змяніўся. Мінулае змянілася.

Словы і ідэі заўсёды іх пужалі. Вось і цяпер - цяжка нават уявіць той вусцішны жах, які яны, канешне, адчулі падчас кароткай размовы пра тое, што аднойчы Беларусь была часткай... Вялікага Княства Літоўскага.

"Купала" - гэта біяграфічны фільм, які пачынаецца з канца. Кожны беларус ведае трагедыю са школьных часоў: у 1942 годзе, крыху не дажыўшы да 60, Янка Купала ўпаў у лесвічны пралёт дзесятага паверха маскоўскага гатэля. Ніхто так ніколі і не высветліў дакладна, што гэта было, самагубства, няшчасны выпадак альбо НКУС. Не робяць гэтага і стваральнікі фільма, прынамсі не напрамую (замест гэтага, яны прапаноўваюць атмасферны момант з дзвярыма ў нумары паэта - не новы, але моцны і прыгожы мастацкі прыём). "Купала" - гэта аповед пісьменніка сваёй маці, напалову пераказ жыцця, напалову споведзь перад смерцю. 

Дзяцінства, першыя вершы, праца ў "Нашай Ніве", Паўлінка (а таксама "Паўлінка"), Масква і Пецярбург, жаніцьба, ціск з боку чэкістаў. Янка Купала паўстае ідэйным, яле крыху малахольным і не вельмі пераканаўчым прадстаўніком беларускай інтэлігенцыі першай паловы дваццатага стагоддзя. Ці ёсць тут нешта большае за змест школьных падручнікаў? Так, безумоўна, але асабістае жыццё Купалы падаецца схематычным (апошняя сцэна пісьменніка з Паўлінкай анічым не падмацаваная), а размовы з органамі савецкай бяспекі нагадваюць мільён падобных сцэн з іншых фільмаў і кніг. Тым не менш, менавіта апошні акт "Купалы" выклікае найбольшае эмацыйнае напружанне, і гэта не толькі спрадвечная гісторыя пра мастака і сістэму, але і наша рэчаіснасць, якая надае гэтым сцэнам дадатковае, новае вымярэнне. 

Першапачаткова фільм задумваўся як тэлесерыял, і гэта адчуваецца ў нагрувашчванні падзей, якія ў нейкі момант перастаюць свабодна дыхаць і пачынаюць узнікаць самі сабой, як непазбежная працэсія, праз коску. Музыка добрая (ці існуе ў гісторыі мелодыя больш бездакорная і бяспройгрышная, чым "Канон рэ мажор" Пахельбеля?), а рэдкія моманты мастацкай смеласці кажуць пра вялікі патэнцыял (напрыклад, сцэна з мёртвай рыбай перад пачаткам вайны). Ігра акцёраў якасная, хоць і крыху тэатральная (некаторыя персанажы фільма размяўляюць выключна слоганамі), і напрыканцы эмоцыі ўсё ж адольваюць цябе і ты нават перастаеш супраціўляцца... Але што гэта? Фільм? Змрочная эпоха? Жыццё Купалы? Ці жудасная рэчаіснасць 2023 года?

Цяжка сказаць. Добра, што гэты фільм існуе - фільм з добрым сэрцам і добрымі намерамі. Мне хацелася б сказаць - выдатны фільм, яле я не хачу ставіцца да беларускага мастацтва як да кволага пацыента, якога трэба ўвесь час падтрымліваць прыемным словам і літасцівай хлуснёй. Упэўнены, што яно заслугоўвае большага. І ўсё ж "Купалу" варта глядзець, бо гэта важны дакумент нашага часу. Бо ўрок ужо не толькі і не столькі гэты фільм, колькі сумная гісторыя вакол яго стварэння і яго жыцця.