Часам я забываю пра Лявона Вольскага. Уключаю адзін з яго апошніх альбомаў, грузных і непаваротлівых, і хутка забываю. Бываюць там і натхнёныя песні кшталту "Палону" і "Майго кахання", але збольшага я сумую па лёгкасці. Быццам бы слухаючы тыя альбомы, я адчуваю не толькі музыку, але таксама і намаганні і творчыя пакуты, праз якія яны нараджаліся. Хутка я губляю інтарэс, пакуль аднойчы не чую тую добра знаёмую мелодыю, простую і бясспрэчную, якая нібыта гучыць па-за часам. Гэтым разам я пачуў "Калыханку", разрыдаўся і, вядома, вырашыў дачакацца новага альбома.
Ёсць дзве сутнасці Лявона Вольскага, гуллівая і сур'ёзная, лёгкая і цяжкая (а таксама "цяжкая"). Яны амаль ніколі не існуюць асобна (хіба што за выключэннем Крамбамбулі, але і там селядцы неяк ужываліся з абсэнтам), і за ўвесь гэты час я ўжо паспеў зразумець, што лепшы Вольскі - гэта роўнае спалучэнне дзвюх гэтых сутнасцей. Калі ёсць гэты парытэт, то адчуваецца менш перакосу, і неяк лягчэй прымірыцца з непаслядоўнай якасцю яго песень. Эмігранты, якія выйшлі ў сярэдзіне верасня, - гэта своеасаблівае вяртанне да канцэптуальнай эстэтыкі Народнага альбома. А яшчэ: запал, эклектыка, шаленства і некалькі выдатных песень.
На жаль, кожнае слова і кожны акорд альбома, усё шаленства і ўвесь той запал... усё прасякнута болем і смуткам. Эмігранты - гэта, канешне, пра нас. Пра тых, хто з'ехаў, і нават пра тых, хто застаўся. Бо так ці інакш, усе мы ў эміграцыі. Краіна скрадзеная, краіна, як пелі адойчы Ulis, у кратах. Мяркую, што чалавек, які слухае кранальны тэкст "Калядаў у Менску" у Варшаве ці ў Нью-Ёрку, адчувае прыкладна тое ж самае, што і чалавек, які слухае гэты тэкст у сённяшняй сталіцы Беларусі. Усе яны хочуць вярнуцца ў Менск на наступныя Каляды. Эмігранты - гэта канцэптуальнае выказванне пра страту і немагчымасць вярнуцца.
Альбом складаецца з дваццаці адной песні і пятнаццаці кароткіх дыялогаў/замалёвак пра жыццё ў эміграцыі, што робіць уражанне сапраўднага падарожжа. Падарожжа гэта няпростае, бо тут і пошукі кватэры, і бясконцыя пераезды, і незагойныя раны, і прыступы настальгіі. Вольскі стварае ўражлівы і часам захапляльны габелен з берлінаў, каліфорній і польскіх касцёлаў, і ўсё гэта пранізана нястрыманай і разбэшчанай музычнай эклектыкай. Ёсць ска, ёсць поп-панк, ёсць бардаўскія балады, ёсць дваравыя песні, ёсць жартаўлівыя мелодыі, якія ўступаюць у крывавы двубой з тваім разуменнем добрага густу.
Шмат што ў альбоме падаецца мне другасным і слабым, шмат што проста прабягае міма. Мяне зусім не цікавіць той Вольскі, які запісвае песні кшталту "Не сумнявайся", але, як я пісаў вышэй, гэта своасаблівая плата за тое, каб пачуць "Беларускую траўму", "Куды і калі" ці тыя самыя "Каляды ў Менску". Бо хоць Вольскаму і бракую крыху творчага фільтра, калі ён трапляе, то трапляе так, як ніводзін іншы музыка ў Беларусі.
Вяртаючыся ж да "Калыханкі", то мне падаецца, што гэта яго новыя простыя словы. І тым і гэтым разам яны былі напісаныя іншым чалавекам (Міхалам Анемпадыставым і Аляксандрам Лукашуком), але робяцца сапраўды няўміручымі дзякуючы кранальнай, бездакорнай мелодыі Вольскага. Такой, што ўвесь час пытаешся ў самога сябе: няўжо ніхто дагэтуль не напісаў яе?..