Tuesday, 19 December 2023

Фільмы. СМЕЦЦЕВАЯ ГАЛАВА, КОТКА, ДЗЁННІК АНАСТАСІІ / 2022


Я разумею жаданне пайсці ў Прада ці ў Нацыянальную галерэю Лондана. Я разумею, калі жаданне гэтае лунае ўвесь час над галавой і перакрывае ўсё астатнее. Але ж які сэнс у працах старых майстроў, калі не з'яўляецца гэтай хваравітай, крыху вычварэнскай прагі да новага? Да музея ці невялічкай галерэі сучаснага мастацтва, з карцінамі без назваў, з відэазапісамі, дзе нічога не адбываецца, з інсталяцыямі, якія хочацца схаваць ад дзяцей? Мне падаецца, што гэтая прага мусіць быць, гэтае памкненне, гэты інтарэс. 

Так, яшчэ ў Менску я хадзіў на ранішнія сеансы "Лістапада", дзе дэманстравалі змрочныя дакументальныя стужкі, якія ніхто і ніколі ўжо не пабачыць. На Адэскім фестывалі я ўвесь тыдзень праводзіў у кінатэатрах і бачыў як безумоўна вялікае, так і зусім недарэчнае. Так адбывалася і на Варшаўскім кінафестывалі, дзе эксперымент суіснаваў з вялікай польскай традыцыяй. Я наогул люблю кінафестывалі, якімі б нязначнымі і малавядомымі яны не былі. Фестываль "Паўночнае ззянне" наўрад ці можна назваць малавядомым, але гэта ўсё ж падзея, ад якой чакаеш не столькі вялікіх кінастужак, колькі дзіўных цудаў. А таксама эксперыментаў і поўных правалаў. Тое, дарэчы, я і атрымаў. 

"Паўночнае ззянне" праходзіла для мяне ў фармаце анлайн, і пачалося са скандынаўскіх кароткаметражак. Сентыментальны чорна гумар дацкага Авантурыста, эфектнае расшчапленне часу напрыканцы фінскага Тууліккі... Адчуўшы пах крыві, я пачаў у нейкі момант шукаць цудаў і ў беларускіх фільмах, якія таксама дэманстраваліся ў межах кінафестывалю. Вось тры з іх.


"СМЕЦЦЕВАЯ ГАЛАВА" (2022) / Юрый Сямашка


Аднойчы, калі я вучыўся яшчэ ва ўніверсітэце і пісаў дыпломную працу па Тэатру Абсурда, я знайшоў забытую беларускую п'есу Ігара Сідарука "Галава". У гэтай п'есе былі паказаны асноўныя беларускія архетыпы, але галоўным персанажам была ўсё ж Галава, статычная і маўклівая, якая ўвесь час знаходзілася на сцэне (была пры гэтым папяровай, драўлянай і потым жалезнай), уплывала на жыццё беларусаў і вызывала страх у кожнага, хто знаходзіўся каля яе. 

Смеццевая галава, чорна-белы манафільм беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі, была для мяне своеасаблівым вяртаннем да старой п'есы Сідарука (пра якую, дарэчы, мне распавёў некалі Пятро Васючэнка). Галоўны герой, самотны смяцяр з Менску, знаходзіць аднойчы галаву, якая можа размаўляць. Смяцяр жыве ў дэпрэсіўнай хрушчоўцы, з сабакам па клічцы Прохар, і вось у нейкі момант у яго жыцці з'яўляецца смеццевая галава, якая выконвае пажаданні (калі яны ёсць). 

Фільм Юрыя Сямашкі, які паўстае тут таксама як аператар і адзіны актор, гэта менавіта тое, чаго я чакаю ад добрага фестывальнага эксперымента: шчырая прага да кіно, якая прадзіраецца скрозь маленькі бюджэт і захапленне раннім Лінчам. Гэта шурпата і няроўна, але гэта харызматычна, і гэта застаецца ў памяці.


КОТКА (2022) / Ната Карнеева


Яшчэ адзін беларускі фільм з праграмы фестываля - гэта вельмі кароткая і мінімалістычная стужка Котка. Фільм доўжыцца ўсяго 12 хвілін, вялікая частка з каторых - какаінавы трып. 

Усё пачынаецца з прыгожых планаў на будучыню. Гераіня дэманструе маладому чалавеку (мужу?) прататып дома, у якім яны будуць жыць. У голасе надзея і пяшчота. Потым адбываецца той самы трып, які доўжыцца вечнасць. Потым будучыня, якая нагадвае па змрочнай, непрагляднай атмасферы апошні фільм Андрэя Звягінцава. Усё ў фільме грунтуецца на недаказанасці, якая, на жаль, хавае звышпрадказальную гісторыю. 


"ДЗЁННІК АНАСТАСІІ" (2022) / Максім Буйніцкі


Шчыра кажучы, больш за ўсё ў гэтым годзе мяне цікавілі фільмы па-за межамі палітыкі. Бо палітыка, асабліва сённяшняя, не дазваляе аб'ектыўна ацэньваць творчасць. Бачачы яе, усюдыісную і непазбежную, хочацца расчуліцца і дараваць усё. І тым не менш, бывае (нават сёння), што яна ўсяго толькі фон, які падкрэслівае нешта важнае і спрадвечнае.

Дакументальны фільм Дзённік Анастасіі распавядае пра беларускую мастачку Анастасію Рыдлеўскую, якая была вымушана з'ехаць з Беларусі ў Гданьск. Палітыка тут - фон, які мігціць за шыбамі і раз за разам выпучвае сваю жудасную галаву, але палітыка - гэта яшчэ і тое, што мастачка мусіць пераадолець, каб захаваць сябе і свой талант. Але, на жаль, не толькі палітыку, бо тут і схільнасць да самагубства, нанясенне сабе шкоды і псіхічныя праблемы. А яшчэ - адданасць і любоў яе мужа, які захоўвае малюнкі і выявы Анастасіі на сваёй скуры.

Анастасія - гэта, канешне, сімвал беларускай рэчаіснасці. Беларускай эміграцыі, унутранай і знешняй. І яшчэ яна сімвал сённяшняга беларускага мастацтва. Шчырага і сапраўднага, якое прадзіраецца скрозь траўму і боль... Так цяжка, і так захапляльна, глядзець у яе вочы.