Беларускі свабодны тэатр з'явіўся ў маім жыцці яшчэ ў студэнцкія часы. Менавіты тады, на першым ці на другім курсе, я патрапіў на закрыты паказ спектакля прысвечанага знікненню беларускіх палітыкаў і журналістаў. Памятаю закінуты дом недалёка ад плошчы Бангалор, дзе каля сцяны стаялі вузкія, халодныя лаўкі. Памятаю квіткі, якіх не было (на ўваходзе правяраліся спісы з нашымі імёнамі). Памятаю Мікалая Халезіна, які папярэджваў нас перад пачаткам, што ў любы момант сюды можа ўварвацца АМАП і брутальна затрымаць кожнага з нас. Нават карэспандэнтаў замежных каналаў, якія таксама прысутнічалі ў памяшканні. На жаль, я не так добра памятаю саму пастаноўку, якая не ўрэзалася ў маю памяць, а захавалася толькі як цьмяны ўспамін пра іншае вымярэнне і нейкую дзіўную рэальнасць, у якіх мы некалі жылі.
У мінулым годзе тэатр вырашыў зрабіць нечаканы крок улева і паставіць оперу па культаваму для Беларусі раману Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Прэм'ера адбылася ў Лондане ў верасні, у знакамітым Barbican Centre, і, як заўжды, крытыкі былі ў захапленні. Прынамсі, самым гучным закідам да халезінскай пастаноўкі было тое, што непадрыхтаваны глядач не разумеў амаль нічога з таго, што адбываецца на сцэне. Тым не менш, заблытанасць падзей наўрад ці магла напужаць беларускага гледача, які ведаў мову і сюжэт, і ў якога з'явілася магчымасць цягам трох дзён убачыць оперу на YouTube-канале Свабоднага тэатра.
Пастаноўка "Дзікага палявання" выглядае змрочна і хаатычна. І калі я не магу не пагадзіцца з першым, то другое па-сапраўднаму бянтэжыць. Нават калі добра ведаць кнігу, падзеі ў гэтай пастаноўцы нагадваюць бязладнае напластаванне дэкарацый і сцэн. Якія можа і выглядаюць эфектна і тэхнічна складана, яле якія хутчэй пра форму, чым пра мастацкі змест. Гатычная атмасфера нагадвае савецкі фільм 1979 года (дарэчы, цудоўны, хаця і звыштэатральны), але за час прагляду мяне так і не пакінула адчуванне, што эмоцыі ў пастаноўцы Беларускага свабоднага тэатра амаль цалкам адсутнічаюць.
Не з'яўляючыся вялікім экспертам у оперы, магу сказаць толькі, што вакальныя партыі добрыя (не было чамусьці Іллі Сельчукова, які планаваўся першапачаткова як адзін з выканаўцаў), а музыка Вольгі Падгайскай сапраўды выдатная. Менавіта музыка, дарэчы, інтэнсіўная і часам мінімалістычная, падтрымлівала мой інтарэс да містычных падзей у радавым замку Яноўскіх (лібрэта было напісана ўсюдыісным Андрэем Хадановічам). Бо, на жаль, анічога ў гэтай версіі "Дзікага палявання" мяне не кранае. Усё, што адбываецца на сцэне, нагадвае блытаную працэсію эпізодаў і падзей. Эфектны танец, сцэна першая, сцэна другая, цікавая пантаміма, сцэна трэцяя... Гэта ўсё мітусліва, няўпэўнена і не падмацавана аніякім унутраным рытмам. Магчыма, нешта зменіцца ў будучых версіях оперы, але на дадзены момант выглядае гэта ўсё як няўдалы эксперымент.
У нейкі момант пастаноўка немінуча імкнецца ў бок падзей у сучаснай Беларусі, і асобныя эпізоды трапляюць у сэрца ("вы тут занадта жывы"), але нагадваюць яны хутчэй рэдкія спалохі ў сюжэтным хаосе, што адбываецца на сцэне. Ва ўсялякім разе, цэласнай і паслядоўнай гэтую пастаноўку я назваць не магу. Добрыя ж рэцэнзіі сведчаць пра тое, што ў 2023 годзе мы існуем з Беларускім свабодным тэатрам у розных вымярэннях, і гэта, калі шчыра, крыху засмучвае.