Monday, 22 July 2024

Фільм. "БЕЛАРУСКІ ПСІХАПАТ" (2015) / Мікіта Лаўрэцкі.


Цікава, што пэўны час пасля прагляду фільма я думаў пра слова "беларускі" ў яго назве. Бо што робіць Дзіму, хлопца без пачуцця гумару, з бліскаўкамі на скронях і жаданнем дэманстраваць незнаёмым людзям свае "геніяльныя" турыстычныя фота з Мальты, што робіць яго не проста псіхапатам, а менавіта беларускім псіхапатам? Бо ніхто ж, напэўна, не будзе адмаўляць знарочыстую амерыканскасць Патрыка Бэйтмана з рамана Брэта Істэна Эліса. Але што робіць псіхапата Дзіму з дэбютнага фільма Мікіты Лаўрэцкага беларускім? Мне падаецца, што гэта не пустое пытанне.

Думаю, што кожны, хто хоць нешта ведае пра сучаснае беларускае кіно, чуў імя Мікіты Лаўрэцкага. Ён стварае незалежныя, нізкабюджэтныя фільмы ў жанры "мамблкора" (калі ў двух словах, то гэта калі крыху дрыжыць камера і маладыя людзі шмат размаўляюць паміж сабой), і кожны з іх можна паглядзець на яго YouTube-канале. Мікітавы фільмы дэманструюцца на міжнародных фестывалях, а калі казаць пра яго паўнаметражны дэбют ("Беларускі псіхапат"), то ў 2015 годзе ён стаў лепшым ігравым фільмам у нацыянальным конкурсе "Лістапада". Інакш кажучы, прагляд яго стужак быў толькі пытаннем часу.

Не адмаўляю, што я абраў менавіта гэты фільм з-за яго назвы. "Беларускі псіхапат" - не абы-якое словазлучэнне. Яно мае вагу, пэўны мастацка-гістарычны багаж, і я адразу ж зразумеў, што нават калі будзе дрэннае кіно жахлівай якасці, пра яго ўсё роўна будзе цікава пагаварыць.

Але ж я не мог адарвацца. "Беларускі псіхапат" наўрад ці зробіцца сапраўднай падзеяй у вашым жыцці, але кіно гэта так утульна існуе ў сваім добра акрэсленым свеце, у сваёй сыраватай чорна-белай бурбалцы, што нельга не адчуць эмацыянальнае напружанне таго, што адбываецца на экране. Бо героі ў фільме цалкам зразумелыя, і нічога тут не адбываецца без мэты. І кормяць катоў тут не проста так, і словы падбіраюць далёка не выпадкова. Пасля прагляду фільма ўважлівы глядач успомніць і тыя словы, і тых катоў. Пра ігру актораў у такім жанры казаць цяжка, але няёмкасць ад плоскіх інтанацый Дзімы (дарэчы, ролю іграе сам Лаўрэцкі) прабірае да касцей. І хочацца ці тое смяяцца, ці тое закрыць вушы.

Сюжэт фільма не пакідае шмат месца для фантазіі. Тры дзяўчыны вырашаюць паехаць на дачу, дзе хлопец Дзіма (ледзьве знаёмы адной з іх) святкуе дзень нараджэння з двумя сябрамі. Гэта класічны пачатак для трылера ці фільма жахаў, і ў гледача не павінна быць аніякіх ілюзій. Але ж яны ўсё роўна з'яўляюцца, тыя ілюзіі, бо ты добра пазнаеш і людзей, і іх размовы. Нават псіхапат Дзіма, які адзіны за сталом есць гэты моташлівы торт, упускае цябе ў сваю прастору (але ж гэта вельмі цесная прастора, і змяшчаецца ў маленькім ванным пакоі, дзе за некалькі секунд адбываецца хічкокаўская і, бадай, самая кінематаграфічная сцэна ў фільме). Так, што пэўны час ты існуеш у даволі няёмкім, але цалкам небяспечным вымярэнні "Беларускага псіхапата". 

І вось тут, як мне падаецца, хаваецца поспех фільма. Ён ў тым, як добра Лаўрэцкі гуляе з танальнасцю. Бо менавіта тут крыецца змрочная, крыху таямнічая эфектыўнасць трэцяга акту - які ты павінен быў чакаць, але з нейкай прычыны чакаць перастаў. Бо, напэўна, паглядзеў у простыя, шчырыя вочы псіхапата і паверыў. Можа, і цяпер я думаю пра гэта і баюся ўчытаць у твор неіснуючыя ў ім сэнсы, можа тут і хаваецца таямніца слова "беларускі", якое пазначана ў назве фільма?..