Зусім хутка выходзіць мая другая кніга, "Цягнік да Познаня". Гэта пяцьдзесят польскіх партрэтаў, гісторый, эсэ. Месца дзеяння ўвесь час мяняецца, але рэдка выходзіць за межы Польшчы. Прынамсі, геаграфічна.
Гэта вельмі эмігранцкая, вельмі асабістая кніга, дзе з дробных эпізодаў і маленькіх дэталяў я паспрабаваў стварыць свет рэальных людзей. Бо я сапраўды сустракаў кожнага з іх. Польскую піяністку, якая ў старым памяшканні грала музыку Баха. Хлопчыка, які апантана чытаў кнігу на бруднай падлозе варшаўскага аўтобуса. Маладую дзяўчыну, якая стаяла на каленях у касцёле св. Роха ў Беластоку.
"Цягнік да Познаня" перамог у літаратурным конкурсе "Шуфлядка" ў намінацыі "нон-фікшн". Перадзамову кнігі можна зрабіць на сайце выдавецтва Gutenberg: https://gutenbergpublisher.eu/shop/ciahnik/
У продажы яна з'явіцца напрыканцы месяца. 26 ліпеня кніга будзе прадстаўлена на літаратурным фестывалі ў Кракаве.