Sunday, 25 February 2024

Альбом. "АДКАЗ" (2024) / Nürnberg.



Некалькі тыдняў таму, на начным джазавым канцэрце ў Варшаве, я ў чарговы раз быў сведкам таго, як палякі рэагуюць на польскае. Калі гралі класічныя творы Майлза Дэвіса альбо Чарлі Паркера, рэакцыя была стрымана-паважлівай. Ніхто не рваў на сябе валасы, ніхто не крычаў у паўрэлігійным экстазе. Між тым, калі музыкі гралі малавядомыя (звышсентыментальныя і, калі шчыра, не вельмі адметныя) творы польскага кампазітара першай паловы дваццатага стагоддзя, публіка была ў захапленні, і жанчына, што сядзела за суседнім столікам, бясконца штурхала мяне ў спіну і апантана выкрыквала "брава!"  Бачыў я усё гэта, вядома, далёка не ў першы раз. Гэты дзіўны культурны патрыятызм (кепскія канатацыі не дазвадяюць напісаць "нацыяналізм"), непазбежны, гістарычна падмацаваны, цалкам зразумелы. 

Я пішу гэта з той прычыны, што амаль ніколі не падзяляў гэтых пачуццяў. Верагодна, што звязана гэта ў тым ліку і з той безлічу водгукаў і рэцэнзій, якія я напісаў у сваім жыцці. Аднойчы я перастаў зважаць на паходжанне, і калі даведаўся год таму, што колькасць праслухоўванняў менскага гурта Nürnberg ў Spotify дасягае некалькіх соцен тысяч на месяц (у Молчат дома, дарэчы, лічба гэтая пайшла на мільёны), я толькі крыху здзівіўся і дадаў Nürnberg у свае закладкі. 

Coldwave як жанр мае пэўныя абмежаванні, і гэта ніколі не дазваляла мне яго палюбіць. Бо заўсёды было адчуванне: там, унутры, ёсць нешта лёгкае і прыгожае, што абрамілі ў халодныя барабаны і чорна-белую вокладку. І тым не менш, калі абстрагавацца ад гэтых думак, забыцца на паходжанне (бо так ці інакш, але пішу я гэтыя рэцэнзіі менавіта пра беларускае мастацтва), прыняць умоўнасці і паразважаць пра саму музыку - наколькі яна ўдалая?

Адказ - даволі кароткі альбом, які доўжыцца меней за паўгадзіны, але якому ёсць, што сказаць. І гэта датычыцца як музыкі, так і тэкстаў. "Insomnia" (дарэчы, адзіная англійская назва ў альбоме) пачынаецца з летуценна-меладычнага рытму, які нагадвае ранніх The Cure, і ты адразу ж разумееш, што цябе чакае далей. Мелодыі збольшага павольныя, разважлівыя, з гатычнымі пералівамі і спарадычнымі ўкрапінамі сінтэзатараў (у добрым сэнсе гэтага слова). Часам гітара знікае, рытм паскараецца і робіцца амаль танцавальным ("Месца"), але стыль не губляецца ніколі. То-бок  Nürnberg выдатна адчуваюць рамкі і рэдка выходзяць за межы чорна-белага супрэматызму, які паўстае на вокладцы альбома.  

Такі зараз гістарычны момант, што часам разумееш: немагчыма ў сучасным беларускім мастацтве стварыць добры твор і захаваць пры гэтым пэўную апалітычнасць. Калі вельмі паспрабуеш, то атрымаецца банальная дрэнь. А калі не дрэнь, то палітыка ўсё роўна будзе выглядваць, агідна і нервова, з кожнай ноты і кожнага радка. Бо нават беларуская мова сёння - гэта не проста мова, але яшчэ і выказванне. Сродак абароны. Спроба захаваць сябе, але і нешта значна большае за сябе. Тэксты альбома Nürnberg прасякнуты адсылкамі да змрочнай беларускай рэчаіснасці, а калі яны пяюць пра "сцяг перамогі" і "жалезныя колы" ў цэнтральным творы альбома ("Адліга"), то нельга не зразумець і не ўзрушыцца.

Тым не менш, гэта ўдалы альбом не толькі для беларускай музыкі, але (што куды больш значна) для музыкі ўвогуле. Той музыкі, што выйшла ў лютым 2024 года. Цікава, але, напэўна, і непазбежна тое, што мая любімая песня альбома - гэта "Пацалунак". Рамантычны твор у жанры jangle pop, ён крыху выбіваецца з агульнай стылістыкі альбома і дадае пэўны гумар, пэўную цеплыню (тут можна было б прыгадаць "Some Girls Are Bigger Than Others" з вядомага альбома 1986 года). 

Адказ падаецца добрым музычным выказваннем, у якім няма амаль нічога лішняга. Якое вытрымана ў жорсткіх рамках жанру, але якое не баіцца зрабіць крок улева. У якім (і гэта, канешне, таксама адметна), ёсць не толькі "жалезныя колы ў крыві", але і "мары аб простай вясне".