Showing posts with label кніга. Show all posts
Showing posts with label кніга. Show all posts

Saturday, 31 January 2026

Book review: LUBLIN by Manya Wilkinson


Manya Wilkinson's Lublin (2024) is yet another addition to my list of perfect little novels. Others include Seize The Day by Saul Bellow, Pnin by Vladimir Nabokov and The Sense Of An Ending by Julian Barnes (the list goes on, obviously). Its perfection lies in the fact that there isn't a breath wasted or a word misplaced. The prose is beautiful and concise, and the emotional range goes from hysterical laughter to tears of despair. Some works of art you savour, not merely read, and Lublin is one of those books. 

The plot is fairly simple, and gives off the vibes of an old Jewish fable: three friends embark on a journey to a city none of them have ever been to. This is the very beginning of the 20th century, and the city in question is Lublin (f0r the record, my second favourite Polish city, after Poznan). They don't know much about the place, and have a vague understanding of its location. There is a sense, though, that this city, this mythological metropolis, is the greatest place on Earth. It has the most beautiful girls. The best wine and the best food. It's a place of opportunities where you can make money and fall in love. 

Elya is the one with the map. He loves to tell jokes (the jokes are decidedly hit and miss) and has this magical ability to conjure them on the spot and under the most vexing circumstances. Most importantly, he wants to be a businessman and carries a set of brushes that the three friends are planning to sell at the Lublin market. He is the one with the big idea, and he is the one who pushes the whole company forward. The two other friends are Kiva (comes from a rich family, knows all about Adoshem and prays incessantly) and Ziv (Kiva's cousin; hates Russians but likes Dostoevsky, wears bad shoes and will beat you up for fun), and they need to be persuaded all the time that this whole journey is not a complete waste of time.

As you would expect from a good old fable, there are hardships and adventures along the way. Temptations, selflessness, acts of real friendship, betrayal. The backdrop is very vivid, and you never get to forget the time period. 1906. There are despicable crooks along the way, and drunk Russian soldiers. In the meantime, Lublin remains desirable but elusive. Kiva wants to go back home. Ziv wants to get to the Village of Girls (does it even exist?) And even Elya has crises of faith that almost force him to abandon the whole thing and go back home to his girlfriend and sorry family business. 

There are two types of book titles, as Martin Amis wrote in the introduction to London Fields. Those that denote things which are already there. And those that are 'present all along', that 'live and breath, or try to, on every page'. Manya Wilkinson's Lublin is a curious case in that it exists between two of those types. Lublin is a little like Beckett's Godot. It is already there, and yet it barely even exists. 

The grim realism of Lublin is absolutely harrowing, and yet it is a very elegant, poetic book. I loved these three characters to bits, and was with Elya all the way. I believed him, too, every time he uttered those magical words:  

"Wait till we get to Lublin".


Wednesday, 17 December 2025

Яшчэ раз пра кнігі


Канец года, і добрая нагода яшчэ раз дадаць спасылкі на мае кнігі, якія па-ранейшаму можна набыць у варшаўскіх крамах, а таксама ў інтэрнэце.

Першая кніга, "Жыццё ў дванаццаці апавяданнях"

Другая кніга, "Цягнік да Познаня"


Ну і вось водгук ад Сяргея Дубаўца, які, як мне падаецца, добра перадае атмасферу і сутнасць кнігі.




Thursday, 17 July 2025

"ЦЯГНІК ДА ПОЗНАНЯ"


Зусім хутка выходзіць мая другая кніга, "Цягнік да Познаня". Гэта пяцьдзесят польскіх партрэтаў, гісторый, эсэ. Месца дзеяння ўвесь час мяняецца, але рэдка выходзіць за межы Польшчы. Прынамсі, геаграфічна. 

Гэта вельмі эмігранцкая, вельмі асабістая кніга, дзе з дробных эпізодаў і маленькіх дэталяў я паспрабаваў стварыць свет рэальных людзей. Бо я сапраўды сустракаў кожнага з іх. Польскую піяністку, якая ў старым памяшканні грала музыку Баха. Хлопчыка, які апантана чытаў кнігу на бруднай падлозе варшаўскага аўтобуса. Маладую дзяўчыну, якая стаяла на каленях у касцёле св. Роха ў Беластоку.

"Цягнік да Познаня" перамог у літаратурным конкурсе "Шуфлядка" ў намінацыі "нон-фікшн". Перадзамову кнігі можна зрабіць на сайце выдавецтва Gutenberghttps://gutenbergpublisher.eu/shop/ciahnik/  

У продажы яна з'явіцца напрыканцы месяца. 26 ліпеня кніга будзе прадстаўлена на літаратурным фестывалі ў Кракаве.


Wednesday, 5 March 2025

"Жыццё ў дванаццаці апавяданнях"


Невялікае паведамленне. Выйшла нарэшце мая першая кніга, "Жыццё ў дванаццаці апавяданнях", якую можна набыць у электронным фармаце. Дарэчы, кніга выйшла яшчэ ў мінулым годзе, але ў продажы з'явілася толькі цяпер. Таму запрашаю на старонку выдавецтва (у Беларусі праз VPN): 

https://knihauka.com/pravalocki

Гэтая кніга месціць дванаццаць аповедаў, якія можна разглядаць як асобныя творы, але якія адначасова цесна звязаныя паміж сабой. Сувязь гэтая - жыццё беларускага мастака, якое праходзіць праз розных людзей, розныя падзеі і нават розныя кантыненты. Храналогія пазначана ў назвах апавяданняў: 1979, 1996, 2017... Апошні, дарэчы, пазначаны як 20..., бо невымоўнае зло можа здарыцца ў любы момант. Так мне падавалася, калі я пісаў "Вялікі шум", і так мне падаецца і сёння.  

P.S. І яшчэ кароткі анонс. Цягам года (спадзяюся, у першай яго палове) выйдзе мая другая кніга, "Цягнік да Познані". Гэта будзе ўжо іншае выдавецтва, і гэтым разам кніга будзе як электронная, так і папяровая. Пазней напішу крыху падрабязней. 


Monday, 17 June 2024

Кніга. "ВОСЕНЬ У ВІЛЬНІ" (2019) / Вінцэсь Мудроў.


Калі б не раптоўнае з'яўленне смартфона ў кароткім апавяданні "Дзед і ўнук", то год выдання гэтай кнігі выклікаў бы пэўнае непаразуменне. 2019 год, амаль што наш час (нягледзячы на тое, што кавід, беларуская рэвалюцыя і вайна ва Ўкраіне зрабілі 2019 год неяк непрыстойна далёкім). Але ж усё, кожны сказ, кожнае слова ў зборніку "Восень у Вільні" гучыць крыху старамодна і распавядае пра мінулае. Часам нават старажытнае. Можна сказаць, што калі б не смартфон, у якім бясконца сядзіць той унук, то самае сучаснае слова у кнізе Вінцэся Мудрова - гэта, напэўна, "Пазняк".

На самой справе, ніякай таямніцы тут няма. Пяць гадоў таму кніга была выдана ў якасці ўзнагароды за трэцяе месца ў Прэміі Ежы Гедройца (за раман "Забойца анёлаў"). "Восень у Вільні" - гэта зборнік з дзесяці невялікіх апавяданняў, сярод якіх ёсць адна выдатная аповесць пра Заходнюю Беларусь і некалькі добрых прымераў лёгкай і утульнай шукшынскай прозы.

Заўсёды цікава пабачыць, як аўтар ставіцца да звышнатуральнага. Ёсць пісьменнікі, якія прымаюць яго і нават пускаюць на старонкі сваіх кніг. Ёсць тыя, хто цалкам яго ігнаруе. Даволі адметна, што кніга "Восень у Вільні" пачынаецца з двух апавяданняў, дзе звышнатуральнае не столькі паўстае ў поўны рост, колькі хаваецца за шырмай ды падглядае. І калі ў дзіўнай гогалеўскай містэрыі пра расейскага фабрыканта Лапахіна фінал падаецца разгубленым і безвыніковым, то напрыканцы "Сюжэта" звышнатуральнае добра фліртуе з уяўленнем чытача.

"Сюжэт", дарэчы, паказальны аповед у тым сэнсе, што ў ім мы адразу ж бачым і літаратуру і алкаголь, якія шмат разоў яшчэ будуць паўставаць на працягу кнігі. "Восень у Вільні" поўніцца забытымі паэтамі і празаікамі-няўдачнікамі, якія перажываюць крызіс і знаходзяць выйсце ў танным віне. Пісьменніцтва падаецца тут цяжкай і няўдзячнай справай - але і не без рамантыкі, пэўнай прывабнасці і нават магіі.

І тым не менш галоўнае, што ёсць у гэтай кнізе, і чаму яе трэба чытаць - гэта, канешне, цэнтральная аповесць (цяжка прыдумаць назву больш прыгожую, чым "Восень у Вільні"). У ёй, праз вочы маленькага беларускага хлопчыка, Вінцэсь Мудроў распавядае пра тое, што адбывалася ў Вільні падчас Другой сусветнай вайны. Як тут уладарылі спачатку палякі, потым бальшавікі, а потым літоўцы (не цяжка здагадацца, якую ўладу беларусы ненавідзілі больш). Хлопчык з бацькамі праходзяць праз шматлікія выпрабаванні, галоўнае з якіх нават не немцы, а прыход Чырвонай арміі. "Войска тое, аднак, не чырвонае, а шэрае", як апісвае той дзень хлопчык. (Момант, які нагадаў мне старонкі з кнігі "Ніколі болей" пра рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі. На старонках тых распавядалася пра іншага хлопчыка, які выйшаў да салдата Чырвонай арміі і павітаўся з ім: "Добры дзень, таварыш!" На што атрымаў хуткі адказ: "Тамбоўскі воўк табе таварыш".) Тут ёсць і маленькія перамогі і вялікія трагедыі, і ўсё гэта насычана прыгожай, пахучай беларускай мовай. Толькі канцоўка, на жаль, падалася мне паспешнай і крыху абрывістай. 

Ёсць, канешне, у кнізе і сучаснасць, якая паказваецца збольшага праз палітыку. Так, ёсць чорны гумар і сумна знаёмы кожнаму з нас цырк з выбарамі ў апавяданні "Песні ранняй вясны" (малады настаўнік павінен забяспечыць абсалютную яўку ў маленькай беларускай вёсцы - што можа пайсці не так?..). Ёсць сумная канцоўка ў фінальным "Перфомансе". Ну і ёсць, канешне, дэпрэсіўныя, але не безнадзейныя 90-я ў апавяданні "Рыбалка ў бычках". Менавіта тут і з'яўляецца ў пэўны момант гэтае пытанне, на якое дагэтуль няма добрага адказу: "Ну, як там Пазняк?" Пытанне, якое, безумоўна звязвае мінулае і сучаснае. І якое наводзіць на непазбежнае параўнанне, сутнасць якога прыкладна такая: дэпрэсія захавалася, а вось з надзеяй стала значна горш. 


Thursday, 19 October 2023

Кніга. "РАЙЦЭНТР" (2020) / Таня Скарынкіна.


З таго самага моманту, калі я даведаўся пра існаванне гэтай кнігі, я шукаў магчымасць яе знайсці. На паперы, у электроннай версіі, як заўгодна. Але тут, у Варшаве, яе не было. Не было, здавалася, ва ўсёй Польшчы. Тым не менш, я працягваў шукаць. Дзеля гэтай кнігі я паехаў, напрыклад, на кніжную выставу ў Беласток. Быў цёплы канец красавіка, Беласток звыкла нагадваў Гродна, і я ведаў, што мне пашанцуе. "Таня?" запытаў я. "Скарынкіна?" Але ж, вядома, ніякага "Райцэнтра" тут не было. Былі Бахарэвіч і Вежнавец, Пясецкі і Кульбак. Падавалася, што Таня Скарынкіна - гэта цалкам выдуманы персанаж. Як, дарэчы, і яе кніга. 

Тым часам, ідэя-фікс перарасла ў апантанасць, і ва ўсёй беларускай літаратуры мяне вабіў ужо адзін толькі твор. Было б цікава вывучыць прыроду гэтых дакучлівых ідэй, гэтай прымхлівай апантанасці, бо яна здараецца са мной усё часцей. Праблема вырашылася хутка і банальна, як заўсёды. У нейкі момант я зайшоў у інтэрнэт і пабачыў, што "Райцэнтр" Тані Скарынкінай можна набыць каля нашага дома ў Менску. Што і зрабіла мая сястра на наступны ж дзень. А ўжо праз тыдзень я трымаў у руках запаветную кнігу ў невыразнай сіняй вокладцы.  

"Райцэнтр" быў надрукаваны ў выдавецтве Пфляўмбаўм у 2020 годзе. Кніга атрымала другую прэмію Ежы Гедройца, саступіўшы непазбежнай аповесці Евы Вежнавец (пра якую гаворка ішла ў студзені), але абышоўшы выдатнага "Локісава" Артура Клінава і "Жэтон не метро" Андрэя Федарэнкі. "Райцэнтр" - надзвычайна простая кніга. Па сутнасці, гэта зборнік эсэ/рэпартажаў пра родны горад аўтаркі. Ёсць тут, канешне, і Менск, і Варшава, і нават Партугалія, але так ці інакш сюжэты гэтых маленькіх твораў заўсёды вяртаюцца ў Смаргонь. З добрым гумарам, з чароўнай трасянкай - у горад, дзе хочацца быць.

Бо шмат што можна знайсці ў невялікім горадзе на захадзе Беларусі. Па сутнасці, у ім нічога не адбываецца, але Таня Скарынкіна паўстае чалавекам, які можа напісаць верш пра будзённы позірк у краме і правесці ланцужок ад суседа па Вілейскай вуліцы да Холдэна Колфілда. Праз старыя фота, успаміны, нататкі і дыктафон Скарынкіна стварае кантраст, перад якім немагчыма ўстаяць. Бо тут і выпадковая сустрэча з Мулявіным, і квартэра ад Шамякіна і падабенства паміж старым фотаздымкам і карцінай Ганса Гальбэйна. Тут - гэта ў яе дома, у Смаргоні. 

Прыкмета добрага пісьменніка - гэта не толькі ўменне заўважыць Бога на панурай вуліцы і на аўтобусным прыпынку. Прыкмета добрага пісьменніка - гэта яшчэ і здольнасць прыгожа пісаць пра ежу. Аўтарка робіць гэта ў эсэ "Абараны, балваны, сліжыкі, чарнушкі", якое прасякнута шчырай любоўю да традыцыйных беларускіх страў на Куццю. Адчуваецца пах і нават смак. Але ж амплітуда інтарэсаў даволі вялікая, і ёсць тут і кіно, і насякомыя, і пятлісты аповед пра прагу паліць. Дарэчы, такім паўстае кожнае эсэ "Райцэнтра", развілістым і разгалінаваным. Гісторыя, як тая плынь, шукае і знаходзіць новыя напрамкі, але заўсёды вяртаецца да свайго пачатку. Гэта, дарэчы, тая мастацкая таямніца, пра якую неаднаразова піша і сама аўтарка.

У нейкі момант пачынаеш заўважаць, як шмат Скарынкіна ахоплівае ў гэтай кнізе. З гісторыі, з традыцый, з простых жыццёвых акалічнасцей. Яе стыль просты, але дакладны і непасрэдны. Прыстунічаюць і нерв, і гумар, і пэўная эмацыйнасць. Так, як і у кожным аповедзе сяброў, суседзей і сваякоў, кожны з каторых з вялікай ахвотай распавядае пра маленькія і вялікія гісторыі свайго жыцця. Якія, можа, і не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці, але якія нічога ад гэтага не губляюць. Адчуваецца, што цікаўнасць Скарынкінай шчырая, яна ўмее слухаць і знаходзіць сувязь паміж новым і старым, сучасным і мінулым. Так, што сумная безэмацыйнасць водкладкі толькі падкрэслівае мастацкую вынаходлівасць зместу.  

"Не хапае кіношнасці ў правінцыйным жыцці", піша Таня Скарынкіна ў эсэ "Жыццё і смерць казурак". Сваімі адсылкамі і цытатамі, сувязямі і ланцужкамі, яна стварае дзіўны свет, які існуе на мяжы рэальнасці і міфа. І галоўнае ў ім тое, што ў гэтым свеце, гэтым райцэнтры, хочацца быць. Ён прыцягвае нечаканым кіношным святлом і гэтай самай чароўнай правінцыйнасцю. Напэўна, з гэтай прычыны я так хацеў яго знайсці - у тым месцы, дзе яго, здавалася б, і не павінна было існаваць. Але ён тут ёсць, і быў, напэўна, увесь час. Ну і потым... "Райцэнтр" - гэта яшчэ і калекцыя цікавых гісторый.


Saturday, 15 July 2023

Кніга. "СВІННІ" (2023) / Аляксандр Чарнуха.


Адна з главаў кнігі Аляксандра Чарнухі пачынаецца з апісання помніка Леніну. Нічога асаблівага, такія Леніны жывуць пад сонцам і птушкамі ў кожным населеным пункце Беларусі, але ў нейкі момант аўтар стварае метафару чырвонага правадыра, які сыходзіць з пастамента і пачынае рухацца па вуліцах горада. Гэта быў той момант у кнізе (дарэчы, адзіны), калі ўнутры нешта зварухнулася, і нават сэрца пачало біцца хутчэй - бо стварылася ўражанне, што ў рамане сапраўды адбудзецца нешта вартае ўвагі. Хай бы ўжо Уладзімір Ільіч ажыў ды пайшоў каменнай хадой па вуліцах. Хай бы перастраляў усіх. Хай бы зрабіўся трансгендарам. Хай бы апынуўся марсіянінам. Хай бы наўпрост хадзіў ды картава жадаў кожнаму добрага дня. Але ж не, Ленін застаўся стаяць. Нічога не адбылося. Усяго толькі метафара.

У мяне сапраўды ёсць адчуванне, кволае і не зусім надзейнае, што недзе ў нетрах рамана "Свінні" схавана цалкам сабе добрае апавяданне-фарс пра марнае і бессэнсоўнае жыццё беларускага чыноўніцтва. Калі ўзяць даволі перспектыўную першую главу, інфернальную канцоўку і нешта з сярэдзіны, то можна ўявіць кароткі сатырычны твор, які можа заставіць чытача смяяца скрозь боль і агіду. Але ж ёсць пэўная праблема, калі ўжо на трэцяй главе разумееш, што аўтар нічога табе не скажа на працягу двухсотпяцідзесяці старонак рамана. 

Насамрэч, у гэтым месцы я павінен быў бы распавесці пра сюжэт кнігі, пра фабулу і галоўных персанажаў... Зрабіць гэта цяжка, бо падаецца, што раман існуе толькі для таго, каб аўтар уключыў кожны штамп і крынж палітычнага жыцця сучаснай Беларусі (сінія пальцы, жахлівыя дзевяностыя, масандра). Але ж добра. Некалькі словаў пра сюжэт, які сохне і памірае на кожный старонцы "Свіней". Перад намі гарадскі пасёлак Грудзева (дарэчы, геаграфічныя назвы ў кнізе гаворачыя: Качанава, Каранікі...) і яго жыхары. Рэдактар газеты і яе журналісты, галоўны ідэолаг, глава адміністрацыі і г.д. У суседнім пасёлку масава паміраюць свінні, і ўлады пачынаюць думаць пра тое, як падаць гэтую навіну людзям. Сярод іншага, прапаноўваецца растлумачыць трагічные здарэнне нашэсцем іншапланецянаў... Здавалася б - не так усё безнадзейна. Так, але ж аўтар нічога не робіць з гэтай ідэяй. А потым нічога не робіць з ідэяй народнай нездаволенасці. І так да самага канца ў кнізе нічога не адбываецца, адзін нудны рэпартаж за другім (я ведаю, што аўтар працаваў некалі журналістам у Беларусі, але мяне гэта зараз не цікавіць, бо пішу я пра яго раман). 

Калі казаць шчыра, я вельмі хацеў, каб яны сапраўды з'явіліся тут, гэтыя іншапланецяне. Бо раман цалкам складаецца з плоскіх персанажаў, зробленых з таннага кардону і размаўляючых на аднолькавай трасянцы. 

І тут, канешне, паўстае спрадвечнае пытанне: а што, калі яны насамрэч такія, кардонныя і аднамерныя? Чаму б не паказаць іх такімі, якія яны ёсць? Зразумела, але ў чым тады мастацтва? У чым вартасць кнігі? Па сутнасці, нам прапаноўваецца корпацца ў дзярме, бясконца разглядаць тупасць беларускіх чыноўнікаў і час ад часу казаць "так, памятаю, было і такое". Сатыра? Ну, добра, сатыра, але ці павінна яна быць настолькі прымітыўнай? Ці павінна яна апускацца да ўзроўню тых самых Качанавых ды Каранікаў? Чаму не робіць гэтага, напрыклад, Артур Клінаў у сваім рамане "Локісаў", які робіць сатыру з густам і добрым сюжэтам? Клінаў паказвае, што каб высмеяць і выкрыць правінцыйнае ўбоста, патрэбны кантраст, кантэкст, кантрапункт. Яго галоўны персанаж - гэта цалкам адэкватны чалавек, які трапляе ў свет местачковага вар'яцтва. І раптам ты смяешся і суперажываеш, чытаеш і не можаш спыніцца. Бо апынаешся ў свеце сапраўднай літаратуры. 

Альбо возьмем, напрыклад, Андрэя Мрыя. Ва ўступным слове перакладчык кнігі Алесь Плотка (першапачаткова "Свінні" былі напісаны на расейскай мове) распавядае, што гэта першы сапраўды сатырычны беларускі раман з часоў "Запісак Самсона Самасуя". Ну, добра. Але ж нават Самасуй, цалкам камедыйны персанаж, быў вартым суперажывання. Па-другое, у кнізе Мрыя было шмат маленькіх, але сапраўдных сюжэтаў, якія мелі пачатак і заканчэнне. Па-трэцяе, містыка савецкага кантэкста. Так, гумар "Запісак Самсона Самасуя" наўрад ці ўразіць сучаснага чытача - але ж ці прысутнічае гумар у кнізе Аляксандра Чарнухі? 

Бо гумар - гэта безумоўна тое, што магло б выратаваць раман "Свінні". Гумар акупляе нават самую дрэнную сатыру. Але ж тут зноў праблема. І калі стабіліе - гэта цікавы наваяз (спалучэнне "стабільнасці" і "ізабілія"), то ў пераважнай большасці выпадкаў гумар тут паўстае у сумным становішчы. Узровень прыкладна такі: важны госць з Менску замаўляе ў мясцовым кафэ воду з лімонам, а яму прыносяць асобна бутэльку вады і парэзаны лімон... Калі мы адыдзем ад гумару (бо вельмі б хацелася адысці ад гумару) і паразмаўляем пра літаратурныя якасці кнігі, то тут сапраўдны жах. Дрэнныя моўныя клішэ (трохпавярховы мат, жоўтая майка лідзера, на ўсю іванаўскую, цыцэронаўскае красамоўства - гэта не словы персанажаў, гэта словы аўтара) і недарэчныя параўнанні (аднекуль з'яўляецца A Hard Day's Night "Бітлз", які выпальвае дзірку ў старонцы рамана; лепш ужо нешта заплесневелае накшталт "яна глядзела як Ленін на буржуазію"). Метафара пра беларускую правінцыю, схаваную за сайдынгам, гэта, бадай, лепшае, што ёсць у "Свіннях", і метафару гэту мы бачым у першай главе кнігі. 

Тонкасці тут няма. Няма таксама зместу і густу. Замест гэтага ёсць трасянка, якая мхом пакрывае кожную старонку кнігі. Мільён аднолькавых дыялогаў на трасянцы, якія цяжка чытаць і якія хаваюць крохкія, пункцірныя лініі сюжэту (нехта памірае? нехта працягвае жыць?). Так, што ў пэўны момант пачынаеш думаць, што ёсць тут не толькі трасянка мовы, але і трасянка думкі. Я пагаджуся, што раман "Свінні" дэманструе бяздарнае жыццё беларускіх чыноўнікаў - але ж ці гэта апраўдвае бяздарную кнігу?


Sunday, 9 April 2023

Кніга. "АПОШНЯЯ КНІГА ПАНА А." (2020) / Альгерд Бахарэвіч.


Дзіўна і цікава пісаць на беларускай мове - асабліва калі не рабіў гэтага палову жыцця. Шмат чаго адкрываеш у сабе, шмат што пужае і здзіўляе, шмат з чым даводзіцца мірыцца. Некаторыя думкі, пра якія хацелася б распавесці па-ангельску ці па-расейску, на беларускай мове не хочацца нават згадваць. Думкі тыя па-ранейшаму існуюць, яны лунаюць перад вачыма і корпаюцца ў галаве, але раптам змяняюць колер і пах. Падаюцца іншымі, нейкімі больш сапраўднымі ці наадварот - звышнатуральнымі. 

А бывае так, што думкі тыя робяць цябе экстрэмістам. Так, пісаць пра гэтую кнігу я вырашыў яшчэ ў снежні, калі атрымаў "Пана А." як калядны падарунак. І вось не прайшло і трох месяцаў, як "Апошняя кніга пана А." зрабілася экстрэмісцкай літаратурай. Зрабілася, вядома, не самастойна. Нейкія шэрыя людзі ў доўгіх шэрых паліто, без пачуцця гумару і густу, прызналі раман небяспечным для краіны (калі тое, што яны пабудавалі, магчыма назваць краінай). Тое, што такім чынам яны прыцягнулі да кнігі больш увагі, відавочна і бясспрэчна, але мяне зараз цікавіць не гэта. Я пра тое, што думка беларуская месціць столькі моцы і таемнай энергіі, што трашчаць ад яе не толькі муры, але і дзяржаўная ідэалогія.  

Альгерд Бахарэвіч падаецца мне самым істотным і цікавым з таго, што адбываецца ў сучаснай беларускай літаратуры. Прычым прыцягвае мяне перш за ўсё тая рашучая самаупэўненасць, з якой ён піша. Ёсць тут нейкая ўнутраная моц, нейкая гуллівая ўсмешка сапраўднага майстра. Ён ведае, што робіць. Гэта першае. Па-другое, ён ведае, што робіць гэта добра. Але здзяйсняе Бахарэвіч і трэці крок, той самы рызыкоўны, самы важны крок пісьменніка. Цяжка растлумачыць той крок - хіба што апошнія радкі "Плошчы Перамогі" могуць праліць крыху святла на мае словы. Бахарэвіч піша так, нібыта можа рабіць у літаратуры абсалютна ўсё, што захоча, і атрымлівае асалоду ад таго, што літаратура дае яму гэтыя крылы. 

"Апошняя кніга пана А.", дарэчы, менавіта пра гэта. Пра крылы. 

Кніга распавядае пра пісьменніка, які вінен багатаму купцу вялікую суму грошай. Калі я кажу "купец", я сапраўды маю на ўвазе "купца". Свет раману крыху казачны, ён не мае геаграфічных назваў і часу. Ён існуе па сваіх законах і правілах, і гэтым крыху нагадвае магічны рэалізм Маркеса. Каб аддаць доўг, купец запрашае аўтара (ці Аўтара) да сябе, дзе цягам месяца апошні павінен будзе кожны вечар чытаць новае апавяданне. Слухаць яго будуць сям'я купца, а таксама ягоныя слугі. Такім чынам, кніга змяшчае трыццаць апавяданняў, якія на першы погляд ніяк паміж сабой не звязаны. Хутка, аднак, чытач пачынае разумець, што гэта зманлівае пачуццё. Што на самой справе апавяданні звязаны гэтымі людзьмі, гэтым домам, а таксама тым, што адбываецца звонку (а там заўсёды нешта адбываецца). 

Спачатку я атрымліваю асалоду ад аповедаў аўтара, але хутка мяне пачынаюць цікавіць гэтыя людзі, а таксама іх казачна-змрочнае існаванне. Усё гэта трохі нагадвае сон - але, магчыма, такімі і павінны быць казкі. Бахарэвіч, дарэчы, умее іх пісаць. "Плошча Перамогі" - гэта таксама казка, як і пэўныя часткі "Сабак Эўропы". Казкі для дарослых, якія захавалі здольнасць да адкрыцця і самаіроніі.

Дом з "Апошняй кнігі пана А." з'яўляецца ўвасабленнем галавы пісьменніка, дзе і павінны знаходзіцца ўсе гэтыя людзі. Усе тыя апхетыпы, якіх малюе Бахарэвіч, ад музы да лісліўца і зайздросніка. Але перш за ўсё гэтая кніга - сапраўдная ода мастацтву, ода пісьменніцтву (маладыя аўтару знойдуць тут шмат карысных парад), ода фантазіі. Апошняя сапраўды жыве на кожнай старонцы кнігі - расчыняе дзверы і адкрывае новыя вымярэнні. Менавіта яна дазваляе аўтару пісаць усе гэтыя апавяданні, якія, дарэчы, можна з лёгкасцю разглядаць як незалежныя творы са сваёй фабулай ды развязкай. Ёсць у іх гумар ("час усё лечыць, асабліва камэнданцкі"), ёсць і цудоўная метафары ды параўнанні ("вясна сьпявала і грымела трамваямі і навальніцамі"). Ёсць удалыя творы, ёсць меней удалыя. Ёсць тое, што нагадвае готыку По, а ёсць тое, што дыхае фантастыкай Брэдберы. Ёсць нават тое, што ў часы безгустоўя і дыктатуры можа сысці за экстрэмізм (напрыклад, апавяданне "Чалавек Раман Бурак" пра забойства нейкага Лідэра Нацыі). 

Не буду пісаць пра свае любімыя апавяданні, іх шмат ("Дзядуля", напрыклад, ці "Мёртвыя ў душы"), але прывяду радкі, якія трапна дэманструюць талент Бахарэвіча. Водбліск той усмешкі сапраўднага майстра, пра якую я распавядаў раней. Гэта радкі з апавядання "Кіно не для ўсіх", якое нагадала мне стары фільм Вудзі Алена сярэдзіны 80-х. У іх Бахарэвіч піша пра рэўнасць: "Рэўнасьць была спачатку ціхая, нібы нехта выпадкова закрануў струну на гітары ў цёмным пакоі. Але потым адгукнуліся іншыя струны, пагрозьліва загудзеў бас. Зазьвінелі талеркі. Рэўнасьць мацнела". У нечым набокаўскія радкі, пранізлівыя і прыгожыя. Дакладныя.

Аднойчы, калі Джойс быў у гасцях, яго папрасілі распавесці пра некаторыя кнігі на кніжнай паліцы і паставіць адзнаку кожнаму аўтару. Што ён і зрабіў. Ён глядзеў на назвы кніг і распавядаў, што думае пра тых пісьменнікаў. Нехта атрымліваў добрую адзнаку, а нехта Z- (дарэчы, Д.Г. Лоурэнс). Я прыгадаў гэтую гісторыю нядаўна, калі чытаў "Гамбурскі рахунак Бахарэвіча". Моц перакананняў гэтага беларускага пісьменніка сапраўды ўражвае, але яшчэ больш мяне ўражвае тое, што яна адчуваецца таксама і ў яго мастацкіх творах. "Апошняя кніга пана А." напісана чалавекам, які добра ведае, што варта A+, а што варта Z-. І гэта здольнасць, якую немагчыма пераацаніць. 


Monday, 9 January 2023

Кніга. "ПА ШТО ІДЗЕШ, ВОЎЧА?" (2020) / Ева Вежнавец.


Калі Рына, галоўная гераіня кнігі, выходзіць з аўтобуса і крочыць да роднай вёскі, уздоўж пустэчы, леса і тхлані, я пазнаю краявід і адчуваю пах прыцемак і вечаровых дрэваў. Ды і цяжка было б уявіць беларускага чытача, асабліва ў цяперашнія часы буйной эміграцыі, які б нутром і скурай не адчуваў гэтага вяртання. Рына вяртаецца не толькі дадому, не толькі ў сваё мінулае, але і ў трагічнае мінулае краіны дваццатага стагоддзя. 

Рына вяртаецца з Германіі ў родную вёску. Чаму? Адказ кароткі, дасціпны і цалкам зразумелы: "Жыццё звужаецца, і трэба вяртацца дахаты". Рына пакутуе ад алкагалізму (ды не, не пакутуе - атрымлівае асалоду, шукае сэнс), і ў самым пачатку мы бачым яе ў жаночай прыбіральні з бутэлькай таннага віна. Гэта яркі вобраз, прыгожы ў сваёй брыдкай бездакорнасці. Дарэчы, на працягу ўсіх гэтых зманліва кароткіх 140 старонак Ева Вежнавец стварае моцныя вобразы, і кожную сцэну рамана адчуваеш не толькі візуальна, але і на нейкім фізіялагічным узроўні. Густая, насычаная проза, якая паходзіць з дзіцячых успамінаў, падсвядомасці і жудаснага мінулага.

Раман ахоплівае сто гадоў, з 1912 па 2012. Менавіта столькі пражыла бабуля Рыны, развітанне з якой хутка ператвараецца ў бясконцыя, бязлітасныя карункі мінулага. Што яшчэ чакае Рыну дома? Змрочны погляд бацькоў і падвыпіўшая дзяўчына з вёскі, якая хоча паведаць Рыне нешта важнае. Але перш, чым яна паспее гэта зрабіць, трэба нанова перажыць мінулае. Бабуля Рыны - Дарошка, Дарфейка, шаптуха, вядзьмарка - хутка становіцца другой цэнтральнай фігурай кнігі. Менавіта праз яе мы адчуваем крывавы подых дваццатага стагоддзя. Забойства габрэяў, раскулачванне, немцы і паліцаі, партызаны, "тры каласкі" і гэтак далей. Бясконцыя цыклы чалавечай трагедыі, якія хватаюць за пяткі і цягнуць назад, у няўмольную багну мінулага. 

Якое, дарэчы, жыве і добра сябе пачувае. Калі Вежнавец піша пра ўсе гэтыя скрадзеныя швейныя машынкі, то перад вачыма паўстае ўжо не першая палова дваццатага стагоддзя, але і ўсё тое, што адбываецца сёння, з намі і каля нас. Мы пазнаём сучаснасць і мы пазнаём мінулае. Так, я памятаю, як апускаўся той самы ліпеньскі вечар, пра які піша Вежнавец. Памятаю, як у дзедавай хаце збіраліся суседзі, каб увесь вечар маўкліва і бездыханна глядзець тэлевізар. У гэтых апісаннях, асабістых, а часам нават інтымных (ёсць вельмі моцны і прыгожы эпізод, калі Рына сыходзіць з дому праз першую менструальную кроў, якая падаецца ёй ракам), адчуваецца прысутнасць самой аўтаркі. Гэта яна вяртаецца дахаты, яна адчувае подых ваўкоў, яна ў чарговы раз перажывае жыццё сваіх продкаў.  

Дарэчы, пра ваўкоў. Ёсць такія назвы... Воўк, які паўстае на вокладцы кнігі, так ніколі і на з'яўляецца на працягу апавядання, але менавіта ў гэтым яго пачварная моц, яго вусцішная хватка. Ён паходзіць са шматлікіх беларускіх казак і прымавак, і ён не толькі дадае адмыслова беларускі каларыт знакамітаму біблейскаму "Domine quo vadis?" Ён існуе як нешта непазбежнае, як тая канстанта, якая нябачна кіруе жыццём. А калі не кіруе, дык назірае. А калі не назірае, дык увесь час прысутнічае ў нашай падсвядомасці.

У нядаўнім інтэрв'ю Вежнавец казала, што раман гэты спачатку займаў 500 старонак, і ўжо потым яна вырашыла скараціць яго амаль утрая. У абсалютнай большасці выпадкаў такое рашэнне падалося б мне выдатным. "У пісьменстве трэба забіваць сваіх каханых", як некалі Уільям Фолкнер завяшчаў пісьменнікам, якія баяцца выкінуць з кнігі любімыя словы і нават сюжэтныя лініі. Дарэчы, я ўжо шмат разоў пісаў пра тое, што люблю кароткія раманы. Але ж гэтым разам большы памер кнігі быў бы цалкам апраўданы і пазволіў бы зрабіць фінал кнігі больш эмацыйным і меней скомканым. (Удакладню, што рэч ідзе не пра эпілог; эпілог у рамане нагадвае сем труб з "Кнігі Апакаліпсіса" і пакідае вельмі моцнае ўражанне.) 

Раман "Па што ідзеш, воўча?" - гэта важны твор для сучаснай беларускай літаратуры, і гэтым разам немагчыма аспрэчваць прэмію Ежы Гедройца, якую Ева Вежнавец атрымала два гады таму. Раман адначасова змрочны і прывабны, вусцішны і чароўны. Ён пакідае пасля сябе горкі смак, але смак гэты настолькі родны і непазбежны, што нам застаецца толькі прыняць яго і палюбіць. Раман робіць шмат сумных высноў ("Горшай хваробы, чым чалавек, няма на свеце"), але мне падаецца, што ў пераемнасці пакаленняў ёсць пэўны аптымізм. Так, ёсць шматлікія хваробы, якімі прыйдзецца перахварэць, але захоўваецца па-ранейшаму і надзея, што перахварэўшы ў чарговы раз, мы адчуем нарэшце, як яны знікнуць назаўжды. Калі б, канешне, у свеце існавала нешта падобнае да завяршэння.