Showing posts with label альбом. Show all posts
Showing posts with label альбом. Show all posts

Sunday, 24 November 2024

Альбом. "BELAYA POLOSA" (2024) / Molchat Doma.



Я не люблю Depeche Mode.

Калі б кожны раз, калі я казаў гэтыя словы, мне давалі адзін даляр, я б даўно ўжо быў мільянерам. Так часта нехта ў шчырай размове, насычанай добрымі словамі і агульнымі інтарэсамі, пытаўся ў мяне: ці я таксама чакаю новы альбом Depeche Mode? Ці я таксама бываю на іх "жывых" канцэртах? Не, не чакаю і не бываю. Так ужо склалася ў маім жыцці, што я не люблю Depeche Mode. Ніколі не любіў. 

Новы альбом беларускага гурта Molchat Doma (надышоў, напэўна, час пісаць гэтую назву англійскімі літарамі), які з'явіўся у верасні, настолькі нагадвае Depeche Mode (дарэчы, я толькі цяпер заўважыў падабенства назваў), што мне цяжка быць аб'ектыўным. Я разумею, што эстэтыка Molchat Doma заўсёды круцілася вакол васьмідзесятых, але Belaya Polosa (зноў жа, гурт выкарыстоўвае менавіта англійскія літары) - гэта халодны, пульсуючы сінці-поп без аніякай ідэнтычнасці. 

Гурт з'явіўся ў 2017 у Менску, і дастаткова паглядзець на колькасць праслухоўванняў у Spotify (больш за тры мільёны ў месяц) ды іх цяперашняе месца працы (Лос-Анджэлес), каб атрымаць нейкае ўяўленне пра папулярнасць Molchat Doma. Нехта, калі я не памылюся, нават назваў іх самым паспяховым рускамоўным гуртом у свеце. І сапраўды - усё так. Напэўна, гэтая музыка трапляе ў сэрца халодных рамантыкаў, якія сумуюць па Depeche Mode ды савецкай пост-панкаўскай эстэтыцы 80-х гадоў. Я ж зусім не сумую, і кожны раз, калі слухаю Molchat Doma, то выразна адчуваю, што перавага аддаецца менавіта форме, а не зместу. 

Але ж музыка сапраўды якасная. Пэўную эвалюцыю можна прасачыць нават па іх вокладкам. Гэта, дарэчы, ўжо чацвёрты альбом Molchat Doma, і з кожным разам выява дамоў на вокладцы робіцца больш складанай, дэталёвай і распрацаванай. Тое ж і з якасцю гука ды аранжыровак. Пры гэтым згубілася нейкая інтрыга, нейкая тоеснасць, і падабенства да Depeche Mode дайшло да свайго піку.

Тым не менш, як і з ранейшымі альбомамі гурта, ёсць кавалкі і нават цэлыя песні, якія чапляюць мяне больш за іншыя. Што да апошніх, то "Безнадежный вальс" - гэта вельмі своечасовая інструментальная кампазіцыя, элегійная і мінімалістычная, а "Сон" - бадай, самая насычаная песня на альбоме, з добрым дынамізмам і прыгожай, пульсуючай бас-гітарай. А так - толькі асобныя дэталі, якія вуха вылоўлівае з даволі стомнага і аднамернага альбома (напрыклад, гітарная лінія, што з'яўляецца ў песні "Черные цветы", якая так моцна нагадвае Pink Floyd эпохі The Wall). 

Мне падабаецца, што часам яны свядома намагаюцца зрабіць сваю музыку больш цікавай і разнастайнай. Дабаўляюць інструменты, укідваюць крыху новы настрой - але ўсё гэта, на жаль, тоне ў халодным, манатонным гучанні ("Я так устал" - добрая назва для перадапошняй песні, якая цягнецца пяць хвілін і не месціць аніякіх падзей). Апошні альбом Nürnberg, напрыклад, спадабаўся мне больш, і не столькі беларускай мовай, колькі цеплынёй і гумарам. Мне цяжка ўявіць, што Molchat Doma маглі б скончыць альбом песняй кшталту "Пацалунак". А ў тых трох хвілінах, на мой погляд, больш меладычнасці і глыбіні, чым ва ўсім гэтым доўгім і безэмацыйным альбоме.


Sunday, 25 February 2024

Альбом. "АДКАЗ" (2024) / Nürnberg.



Некалькі тыдняў таму, на начным джазавым канцэрце ў Варшаве, я ў чарговы раз быў сведкам таго, як палякі рэагуюць на польскае. Калі гралі класічныя творы Майлза Дэвіса альбо Чарлі Паркера, рэакцыя была стрымана-паважлівай. Ніхто не рваў на сябе валасы, ніхто не крычаў у паўрэлігійным экстазе. Між тым, калі музыкі гралі малавядомыя (звышсентыментальныя і, калі шчыра, не вельмі адметныя) творы польскага кампазітара першай паловы дваццатага стагоддзя, публіка была ў захапленні, і жанчына, што сядзела за суседнім столікам, бясконца штурхала мяне ў спіну і апантана выкрыквала "брава!"  Бачыў я усё гэта, вядома, далёка не ў першы раз. Гэты дзіўны культурны патрыятызм (кепскія канатацыі не дазвадяюць напісаць "нацыяналізм"), непазбежны, гістарычна падмацаваны, цалкам зразумелы. 

Я пішу гэта з той прычыны, што амаль ніколі не падзяляў гэтых пачуццяў. Верагодна, што звязана гэта ў тым ліку і з той безлічу водгукаў і рэцэнзій, якія я напісаў у сваім жыцці. Аднойчы я перастаў зважаць на паходжанне, і калі даведаўся год таму, што колькасць праслухоўванняў менскага гурта Nürnberg ў Spotify дасягае некалькіх соцен тысяч на месяц (у Молчат дома, дарэчы, лічба гэтая пайшла на мільёны), я толькі крыху здзівіўся і дадаў Nürnberg у свае закладкі. 

Coldwave як жанр мае пэўныя абмежаванні, і гэта ніколі не дазваляла мне яго палюбіць. Бо заўсёды было адчуванне: там, унутры, ёсць нешта лёгкае і прыгожае, што абрамілі ў халодныя барабаны і чорна-белую вокладку. І тым не менш, калі абстрагавацца ад гэтых думак, забыцца на паходжанне (бо так ці інакш, але пішу я гэтыя рэцэнзіі менавіта пра беларускае мастацтва), прыняць умоўнасці і паразважаць пра саму музыку - наколькі яна ўдалая?

Адказ - даволі кароткі альбом, які доўжыцца меней за паўгадзіны, але якому ёсць, што сказаць. І гэта датычыцца як музыкі, так і тэкстаў. "Insomnia" (дарэчы, адзіная англійская назва ў альбоме) пачынаецца з летуценна-меладычнага рытму, які нагадвае ранніх The Cure, і ты адразу ж разумееш, што цябе чакае далей. Мелодыі збольшага павольныя, разважлівыя, з гатычнымі пералівамі і спарадычнымі ўкрапінамі сінтэзатараў (у добрым сэнсе гэтага слова). Часам гітара знікае, рытм паскараецца і робіцца амаль танцавальным ("Месца"), але стыль не губляецца ніколі. То-бок  Nürnberg выдатна адчуваюць рамкі і рэдка выходзяць за межы чорна-белага супрэматызму, які паўстае на вокладцы альбома.  

Такі зараз гістарычны момант, што часам разумееш: немагчыма ў сучасным беларускім мастацтве стварыць добры твор і захаваць пры гэтым пэўную апалітычнасць. Калі вельмі паспрабуеш, то атрымаецца банальная дрэнь. А калі не дрэнь, то палітыка ўсё роўна будзе выглядваць, агідна і нервова, з кожнай ноты і кожнага радка. Бо нават беларуская мова сёння - гэта не проста мова, але яшчэ і выказванне. Сродак абароны. Спроба захаваць сябе, але і нешта значна большае за сябе. Тэксты альбома Nürnberg прасякнуты адсылкамі да змрочнай беларускай рэчаіснасці, а калі яны пяюць пра "сцяг перамогі" і "жалезныя колы" ў цэнтральным творы альбома ("Адліга"), то нельга не зразумець і не ўзрушыцца.

Тым не менш, гэта ўдалы альбом не толькі для беларускай музыкі, але (што куды больш значна) для музыкі ўвогуле. Той музыкі, што выйшла ў лютым 2024 года. Цікава, але, напэўна, і непазбежна тое, што мая любімая песня альбома - гэта "Пацалунак". Рамантычны твор у жанры jangle pop, ён крыху выбіваецца з агульнай стылістыкі альбома і дадае пэўны гумар, пэўную цеплыню (тут можна было б прыгадаць "Some Girls Are Bigger Than Others" з вядомага альбома 1986 года). 

Адказ падаецца добрым музычным выказваннем, у якім няма амаль нічога лішняга. Якое вытрымана ў жорсткіх рамках жанру, але якое не баіцца зрабіць крок улева. У якім (і гэта, канешне, таксама адметна), ёсць не толькі "жалезныя колы ў крыві", але і "мары аб простай вясне".




Tuesday, 21 November 2023

Альбом. "ЭМІГРАНТЫ" (2023) / Лявон Вольскі.



Часам я забываю пра Лявона Вольскага. Уключаю адзін з яго апошніх альбомаў, грузных і непаваротлівых, і хутка забываю. Бываюць там і натхнёныя песні кшталту "Палону" і "Майго кахання", але збольшага я сумую па лёгкасці. Быццам бы слухаючы тыя альбомы, я адчуваю не толькі музыку, але таксама і намаганні і творчыя пакуты, праз якія яны нараджаліся. Хутка я губляю інтарэс, пакуль аднойчы не чую тую добра знаёмую мелодыю, простую і бясспрэчную, якая нібыта гучыць па-за часам. Гэтым разам я пачуў "Калыханку", разрыдаўся і, вядома, вырашыў дачакацца новага альбома.

Ёсць дзве сутнасці Лявона Вольскага, гуллівая і сур'ёзная, лёгкая і цяжкая (а таксама "цяжкая"). Яны амаль ніколі не існуюць асобна (хіба што за выключэннем Крамбамбулі, але і там селядцы неяк ужываліся з абсэнтам), і за ўвесь гэты час я ўжо паспеў зразумець, што лепшы Вольскі - гэта роўнае спалучэнне дзвюх гэтых сутнасцей. Калі ёсць гэты парытэт, то адчуваецца менш перакосу, і неяк лягчэй прымірыцца з непаслядоўнай якасцю яго песень. Эмігранты, якія выйшлі ў сярэдзіне верасня, - гэта своеасаблівае вяртанне да канцэптуальнай эстэтыкі Народнага альбома. А яшчэ: запал, эклектыка, шаленства і некалькі выдатных песень.

На жаль, кожнае слова і кожны акорд альбома, усё шаленства і ўвесь той запал... усё прасякнута болем і смуткам. Эмігранты - гэта, канешне, пра нас. Пра тых, хто з'ехаў, і нават пра тых, хто застаўся. Бо так ці інакш, усе мы ў эміграцыі. Краіна скрадзеная, краіна, як пелі адойчы Ulis, у кратах. Мяркую, што чалавек, які слухае кранальны тэкст "Калядаў у Менску" у Варшаве ці ў Нью-Ёрку, адчувае прыкладна тое ж самае, што і чалавек, які слухае гэты тэкст у сённяшняй сталіцы Беларусі. Усе яны хочуць вярнуцца ў Менск на наступныя Каляды. Эмігранты - гэта канцэптуальнае выказванне пра страту і немагчымасць вярнуцца.

Альбом складаецца з дваццаці адной песні і пятнаццаці кароткіх дыялогаў/замалёвак пра жыццё ў эміграцыі, што робіць уражанне сапраўднага падарожжа. Падарожжа гэта няпростае, бо тут і пошукі кватэры, і бясконцыя пераезды, і незагойныя раны, і прыступы настальгіі. Вольскі стварае ўражлівы і часам захапляльны габелен з берлінаў, каліфорній і польскіх касцёлаў, і ўсё гэта пранізана нястрыманай і разбэшчанай музычнай эклектыкай. Ёсць ска, ёсць поп-панк, ёсць бардаўскія балады, ёсць дваравыя песні, ёсць жартаўлівыя мелодыі, якія ўступаюць у крывавы двубой з тваім разуменнем добрага густу.  

Шмат што ў альбоме падаецца мне другасным і слабым, шмат што проста прабягае міма. Мяне зусім не цікавіць той Вольскі, які запісвае песні кшталту "Не сумнявайся", але, як я пісаў вышэй, гэта своасаблівая плата за тое, каб пачуць "Беларускую траўму", "Куды і калі" ці тыя самыя "Каляды ў Менску". Бо хоць Вольскаму і бракую крыху творчага фільтра, калі ён трапляе, то трапляе так, як ніводзін іншы музыка ў Беларусі.  

Вяртаючыся ж да "Калыханкі", то мне падаецца, што гэта яго новыя простыя словы. І тым і гэтым разам яны былі напісаныя іншым чалавекам (Міхалам Анемпадыставым і Аляксандрам Лукашуком), але робяцца сапраўды няўміручымі дзякуючы кранальнай, бездакорнай мелодыі Вольскага. Такой, што ўвесь час пытаешся ў самога сябе: няўжо ніхто дагэтуль не напісаў яе?..




Monday, 21 August 2023

Альбом. "Force of the Wind" (2022) / СОЮЗ.



Момант, дарэчы, унікальны. Упершыню ў жыцці я збіраюся купіць вінілавую кружэлку з беларускай музыкай. Мы падыходзім да адной з фестывальных палатак, і я пытаюся пра гурт з назвай SOYUZ. "Так", кажа прадавец. "Ёсць два выданні іх апошняга альбома. 120 злотых за звычайную кружэлку і 130 за празрыстую". Гэта, канешне, сапраўдны поспех, і самае дзіўнае ў гэтым поспеху тое, што мала хто на радзіме ведае пра іх існаванне. 

Чаго нельга сказаць пра Польшчу. СОЮЗ не проста запрасілі на вядомы фестываль у Катавіцах. Іх песні сустракаюць так, быццам кожны з прысутных добра ведае сонечныя бразільскія мелодыі апошняга альбома гурта. Што датычыцца саміх музыкаў, то паміж песнямі яны дзякуюць па-польску, размаўляюць з аўдыторыяй па-ангельску, а калі пачынаюць іграць, то расейскай мовы амаль не чуваць. Яна і на альбоме мае выключна фармальны характар, а тут яе заглушаюць барабаны і бас. А яшчэ клавішы вакаліста - які, дарэчы, носіць ярка-чырвоную безрукаўку, якая, напэўна, дасталася яму ад яго бабулі.

СОЮЗ - гэта нешта накшталт "супергурта". Раней кожны з трох музыкаў быў часткай іншага беларускага праекта (Applepicker, Young and Dramatic), але вось ужо некалькі гадоў іх аб'ядноўвае даволі сумнеўная назва СОЮЗ. За гэты час з'явілася тры паўнавартасных альбома, апошні з якіх дайшоў нарэшце і да мяне.

Нягледзячы на лірычны восеньскі ліст на вокладцы, Force of the Wind - гэта летні альбом. Па сутнасці, трыццаць хвілін выкшталцоных, ветраных мелодый у лёгкім фолкавым стылі. Альбом гэты сапраўды існуе па-за межамі краін ды нацыянальнасцяў. Гэта вельмі добрая музыка ў цалкам універсальным сэнсе, і калі вы паставіце яе іншаземцу, амерыканцу ці нават партугальцу, то ён так і скажа: гэта выдатны бразільскі фолк. І ў гэтым няма нічога ганебнага: у гурта ёсць свой стыль, і яны ўмеюць ствараць добрыя мелодыі. Чаго ж яшчэ?

Ёсць, канешне, пытанне мовы, але як я ўжо пісаў вышэй, пытанне гэтае не такое істотнае. Бо вакал тут - хутчэй гукавое ўпрыгожванне. Адну з песень ("Como é que vai você" - якая нагадвае па атмасферы "Sun King" The Beatles) выконвае запрошаны бразільска-амерыканскі вакаліст Sessa. Упэўнены, што калі не ўслухоўвацца, то можна і не заўважыць пераходу з расейскай мовы на партугальскую. Увесь альбом вытрыманы ў адным стылі. Як і другі LP гурта, ёсць тут пэўныя элементы джазу ("Beige Days"), але нават джаз тут хутка растае ў вытанчанай сумесі флейт, клавішаў, акустычных гітар і лёгкай аркестроўкі. 

Я ніколі не любіў выкарыстоўваць слова "якасны" ў дачыненні да мастацтва, але ж гучыць альбом сапраўды так - якасна і бездакорна. І за свае дваццаць дзевяць хвілін (што, канешне, крыху набліжае нас да доўгіх EP ці да першых альбомаў The Beach Boys) альбом так і не паспявае надакучыць.

Але вяртаючыся да фестывалю... На самой справе, я хацеў, каб у суботу мы з сябрам выйшлі з гатэля раней. Бо нягледзячы на тое, што да Spiritualized і Slowdive было яшчэ шмат часу, трэба было пабачыць гурт SOYUZ. Яны мусілі пачынаць каля 16:30, і я быў упэўнены, што каля іх сцэны будзе стаяць дзевяць чалавек. Горш за тое, стаяць яны будуць пад дажджом (які так адчайна прагназавалі ўвесь тыдзень). Мне хацелася падтрымаць беларускі гурт, які нечакана трапіў на польскі фестываль у жніўні 2023 года... 

Якім было маё здзіўленне, калі нам цяжка было знайсці месца нават перад пачаткам іх выступу. І якім было маё здзіўленне, калі дождж так ніколі і не пачаўся. 




Sunday, 7 May 2023

Альбом. "DiP" (2009) / Port Mone.



Адразу ж адзначу, што я не збіраюся пісаць адны толькі хвалебныя артыкулы пра сучаснае беларускае мастацтва. Зусім не - а інакш не было б сэнсу пачынаць гэты праект. Інакш не было б сэнсу ў мастацтве, а таксама ў разнастайнасці пачуццяў, якія яно выклікае ў чалавека. Але ж нешта ўтрымлівае мяне ад крытыкі, і я адцягваю, зноў і зноў. 

Я належу да таго постсавецкага пакалення, для якога не існуе нічога больш сумнага, чым гук акардэона. Акардэон - гэта змрок і ўпадніцтва, туга і смутак. Я памятаю, як ён гучаў на вясковых святах, калі надыходзілі прыцемкі, і нехта выягваў аднекуль гэтую жахлівую зялёную махіну з бясконцымі клавішамі і кнопчакамі і пачынаў іграць. І хацелася выць ад безнадзейнасці і адчаю. Я добра памятаю таго мужчыну сталога ўзросту, што іграў на акардэоне каля Камароўскага рынку ў Менску. Кожны раз, калі я чуў яго, настрой імгненна псаваўся - прычым не так ужо важна, іграў ён нешта сумнае ці вясёлае. Акардэон рашуча адхіляў любую надзею... Хіба што на альбомах Тома Уэйтса ён не даводзіў мяне да думак пра самагубства. 

І тым не менш, акардэон займае цэнтральнае месца ў гучанні менскага інструментальнага трыа Port Mone. Менавіта яго чуеш, калі ўключаеш альбом. Гэты напружаны пераліў акардэона, які чамусьці так моцна нагадвае таемны гук аргану... DiP - дэбютная пласцінка гурта, якая выйшла ў 2009 годзе. Шмат хто аддасць перавагу другому альбому (Thou, 2014), які стаў калісьці сапраўднай падзеяй у беларускай музыцы. Шматлікія прызы і прэміі, а таксама званне лепшага беларускага альбома дзесцігоддзя. І ўсё ж, нягледзячы на захопленую крытыку і мае добрыя пачуцці да Thou, менавіта Dip падаецца мне самай разнастайнай, самай эмацыянальна насычанай працай гурта.

Першае, што хацелася б адзначыць: я не пішу пра добра беларускае мастацтва. То бок, мяне не вельмі цікавіць мастацтва, якое можна лічыць добрым для Беларусі. Так наогул нельга ставіць пытанне. Мастацтва можа быць добрым ці не - незалежна ад краін ды кантынентаў. Дык вось - Port Mone ствараюць выдатную музыку. Але музыку, якая паходзіць з Беларусі. 

Галоўнае, што ёсць у DiP - гэта інтрыга і прыгажосць. Прычым прыгажосць тая не падаецца ані правільнай, ані банальнай. Яна часта складаная, неспадзяваная, нават балючая. Заўсёды глыбокая, заўсёды інтрыгуючая. Кожная кампазіцыя на альбоме рухаецца і струменіцца (нездарама альбом цалкам прысвечаны воднай тэме - дарэчы, некалі тое хацеў зрабіць Міхал Анемпадыстаў, але не паспеў), кожная мае вялікую ўнутраную моц. Усё развіваецца, нічога не паспявае надакучыць (самая доўгае кампазіцыя на альбоме доўжыцца чатыры хвіліны). Ёсць тут пэўная містыка ("Tuna"), ёсць чароўны мінімалізм ("Catfish"), ёсць сапраўдныя выбухі інтэнсіўнасці ("Crossing"). Месцамі DiP нагадвае ECM джаз, але ж заўсёды акардэон надае некую рамантыку. І ўжо тая вяртае мяне дамоў.

Port Mone запісалі не так шмат студыйнай музыкі. Усяго толькі два альбомы (тры, калі ўлічваць суменсы праект з ДахаБраха). Але гэта толькі яшчэ адна падстава ў чарговы раз услухацца ў меладычныя, сканцэтраваныя парывы гэтага альбома. Які, імаверна, мог бы стаць добрым саундтрэкам для якой-небудзь атмасфернай еўрапейскай стужцы, але які наўрад ці будзе прыдатным альбомам для фонавага праслухоўвання. Гучанне занадта вынаходніцкае і інтрыгуючае, каб не аддаць яму ўвесь свой час. І потым гэты кляты акардэон... Здаецца, я пачынаю любіць яго. Ёсць моманты, калі ён вяртае мяне назад, у мінулае, але гучыць ён неяк па-іншаму. Больш стыльна, з большай глыбінёй і, можа, нават з надзеяй. 




Monday, 6 February 2023

Альбом. "ЧУЖАНІЦА" (1989) / Ulis.



Нягледзячы на тое, што новая серыя артыкулаў задумвалася як агляд сучаснага беларускага мастацтва, будуць і пэўныя выключэнні. Першае з іх - альбом "Чужаніца" гурта Ulis. Запісаны ў Польшчы, за тры восеньскія дні 1989 года, ён застаецца лепшым з таго, што адбылося ў змрочнай і складанай гісторыі беларускай рок-музыкі. Калі гэта можна расцэньваць як ганебны спойлер, то я шчыра выбачаюся. 

Ulis з'явіўся напрыканцы 80-х гадоў і скаладаўся з часткі музыкаў рок-гурта Бонда. Сярод іх быў гітарыст Вячаслаў Корань, які ў будучым стане адзіным нязменным удзельнікам Ulis. Аўтарам музыкі, а ў хуткім часе - яшчэ і вакалістам. Але ўсё гэта ў будучым, а пакуль трэба вярнуцца ў верасень 1989 года, калі Ulis правеў тры дні ў музычнай студыі города Ольштын з вядомым польскім гукарэжысёрам Рычардам Шмітам. Гурт запісаў адзінаццаць песен, восем з якіх трапілі ў трэк-ліст дэбютнага альбома. Тры астатнія ўвайшлі ў больш познюю версію "Чужаніцы", і менавіта пра яе пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.

Першае, што трэба адзначыць... "Чужаніца" з'яўляецца адным з першых альбомаў у гісторыі беларускай рок-музыкі. Ён мае стыль, глыбіню і асабістае гучанне. Але не толькі гэта. Калі чуеш той першы рыф, які адкрывае "Цягнік на Нясвіж", гэтае незабыўнае чыгуначнае пыхканне кораньскай гітары, то адчуваеш сапраўдны цуд. А потым ужо словы, якія, пачуўшы аднойчы, ніколі ўжо не забудзеш. 

Я з ім сустрэўся ў чыстым купэ,
У зваротнай дарозе.

Магчыма, гэты цуд мог адбыцца толькі аднойчы, з гэтымі музыкамі, з гэтымі тэкстамі, у адзін толькі момант беларускай гісторыі. Так, астатнія альбомы Ulis будуць складацца з добрых песень, але не будзе ўжо адчування цуду. "Чужаніца" мае год запісу, але не мае часу. У гэтай музыцы ёсць нешта змрочнае і халоднае, нешта ад старога нью-уэйва. У той жа час яна не адштурхоўвае, і мелодыі чапляюць, і гітарныя партыі трымаюць у прыемным напружанні. Калі пачатак "Пляца Францыска" не ўвасабляе сабой сапраўдны музычны катарсіс (дарэчы, як і ўся песня), то катарсіса ў беларускай музыцы не было ніколі.

Музыку для альбома пісалі Вячаслаў Корань і басіст Сяржук Краўчанка (былыя ўдзельнікі гурта Бонда). Цікава, што менавіта Краўчанка напісаў тры з маіх любімых мелодый "Чужаніцы". Апроч двух вышэйзгаданых, якія адкрываюць альбом, гэта і мацнейшая "Калі імперыя знікне" (словы Фелікса Аксёнцава, які напісаў большасць тэкстаў альбома). Шэсць прыгожых і балючых хвілін, з лірычным зместам настолькі актуальным, што робіцца жахліва. Можна прыгадаць, што ішла другая палова 1989 года, і пелі яны пра іншую імперыю... Але ці сапраўды так?

Альбом цэльны і паслядоўны. У некаторыя моманты ён падаецца звышскаладаным і нават няветлівым ("Гестапа", "Пакуль спяваю"), але панурае гучанне наўрад ці можа схаваць музычную вынаходлівасць ды харызму. Так, у арыгінальным трэк-лісце пасля атмасфернай "Акторкі" ішла загалоўная песня з бадзёрай мелодыяй, якая нагадвае больш цяжкі варыянт брытанскага джангл-попа. Трэба адзначыць, што вакаліст Андрэй Патрэй, які выконвае кожную песню альбома, выдатна перадае як рамантыку, так і надрыў свайго часу.

Альбом сапраўды вяртае мяне ў Беларусь пачатку дзевяностых, калі напрыканцы лета я сядзеў у крыху цьмяным пакоі і слухаў беларускае радыё. Але ж па радыё ніколі не гучаў Ulis. І вось я ўяўляю, што нешта змянілася, нейкая гістарычная парадыгма зламалася, і будучыня пайшла іншым шляхам, і каля старога бабулінага трумо пачуўся гук той самай гітары, што адкрывае "Цягнік на Нясвіж". І альбом паўстае ўже не толькі як прыгожы адбітак мінулага, але і як мая сучаснасць. Тая, што зменіць не толькі мяне, але і ўсю краіну. Трэба толькі прыслухацца.

І напрыканцы некалькі слоў пра мінімалістычную вокладку, якая прывабіла мяне яшчэ да праслухоўвання альбома. Вокладка была створана легендарным беларускім мастаком і паэтам Міхалам Анемпадыставым. Яна стылёвая і бездакорная, як і сам альбом.